Васіль Старавойтаў распачаў судовую цяжбу за адмену спагнаньняў зь ягонай пэнсіі. Больш за два гады ў яго забіраюць палову пэнсіі на пакрыцьцё стратаў, якія ён быццам бы нанес калгасу “Расьсьвет”. Гэтак палічыў Кіраўскі раённы суд яшчэ ў 1998 годзе, калі судзілі Старавойтава.
Славуты старшыня, двойчы герой сацыялістычнай працы пазбавіўся ўсіх зашчаджаных грошай і маёмасьці, але дагэтуль вінны некалькі мільярдаў рублёў калгасу, якім кіраваў больш за 30 гадоў. Паходжаньне гэтых астранамічных грошай Васіль Старавойтаў тлумачыць дзеяньнямі былога кіраўніка “Расьсьвету” Іванова, які замяніў Старавойтава пасьля ягонага арышту.
(Старавойтаў: ) “Тагачасны старшыня Іваноў разам з бугальтарам падпісалі дакумэнт, паводле якога я нібыта нанес страты на мільярды рублёў. Гэта няпраўда, але ніхто не разьбіраўся. Дакумэнт ня быў зацьверджаны сходам калгасьнікаў, што патрэбна паводле закону, але раённы суд гэтыя лічбы ўзяў на веру ды прысудзіў да спагнаньня. Тады ж усё рабілася, каб найхутчэй мяне зьнішчыць”.
Летась да кіраўніцтва “Расьсьветам” прыйшоў новы старшыня Шаплыка, які пагадзіўся, што спагнаньні на Старавойтава накладзеныя памылкова. Быў праведзены сход упаўнаважаных калгасьнікаў, і ад грашовых прэтэнзіяў да былога старшыні расьсьветаўцы адмовіліся.
Пра гэта паведамілі ў суд Кіраўскага раёну, але судзьдзя Надзея Чмара, якая і судзіла Старавойтава, не адмяніла свайго былога рашэньня. Васіль Старавойтаў лічыць, што яна проста ня хоча прызнаваць сваёй памылкі. Між тым, Надзея Чмара настойвае, што дзейнічала паводле закону і грунтавалася на сапраўдным рашэньні калгасьнікаў “Расьсьвету”. А што яны цяпер зьмянілі сваю пазыцыю, ня мае значэньня.
Сёньня Васіль Старавойтаў накіраваў у абласны суд заяву, каб там разабраліся і вырашылі лёс ягонай пэнсіі. Ён заяўляе, што калі не даб’ецца свайго праз абласны суд, то будзе зьвяртацца ў Вярхоўны.
Нагадаем, апошнія гады кіраваньня Васіля Старавойтава “Расьсьветам” гэтая гаспадарка паводле формы ўласнасьці з калгасу ператварылася ў акцыянэрнае таварыства і працавала вельмі пасьпяхова. Пасьля арышту Старавойтава ў 1997 годзе “Расьсьвет” зноў ператварылі ў калгас, некалькі гадоў ён жыў на датацыях.
Цяпер, паводле зьвестак, справы крыху палепшыліся, але ўсё роўна расьсьветаўцы згадваюць пра пэрыяд кіраваньня Васіля Старавойтава як пра самы заможны час. А Старавойтаў настойвае, што зь ім разьлічыліся за крытыку Аляксандра Лукашэнкі, а да таго ж хацелі зьнішчыць прыклад пасьпяховага акцыянаваньня калгасьнікамі сваёй гаспадаркі.