Ад ранку на менскім Галоўпаштамце супрацоўніцы штампуюць бясконцую колькасьць капэртаў зь лістамі. Работа не спыняецца ні на хвіліну.
Пасярод залі — сьвяточны стэнд з узорамі марак, якімі можна аплаціць паслугі “Белпошты”. Выбар ня надта вялікі. Самая шырокая тэматыка — спартовая. Таксама ёсьць маркі, прысьвечаныя Купалу й Коласу, Эўфрасіньні Полацкай, выявы карцінаў Філіповіча, Рушчыца й Шагала, нацыянальных касьцюмаў, архітэктуры, жывёлаў ды іншыя.
Зрэшты, у беларускім Інтэрнэце можна знайсьці амаль усе маркі, якія беларуская дзяржава выпусьціла за апошнія дзесяць гадоў. Ад першых — Крыжа Эўфрасіньні Полацкай, “Пагоні” і партрэта Рыгора Шырмы, да самых апошніх верасьнёвых — з выявамі кветак.
Адправіць электронную паштоўку можна проста з паштамту. Кажа работніца Вольга:
(Вольга: ) “Некаторыя людзі ня ўмеюць карыстацца Інтэрнэтам, таму карыстаюцца нашымі паслугамі. Сталыя людзі часьцяком не карыстаюцца Інтэрнэтам, але карыстаюцца электроннай поштай. Гэта таньней, чым, напрыклад, адправіць факс за мяжу, калі сваякі там”.
Наведнікаў электроннага пункту паштамту ня шмат: за дзень ня больш за дзесяць чалавек. Тлумачыць работніца Тацяна:
(Тацяна: ) “Людзі ў асноўным карыстаюцца Інтэрнэтам. Ім гэта зручней, і шмат людзей, у якіх ёсьць кампутары”.
Але апытаньне сярод наведнікаў галоўнай беларускай пошты выявіла, што Інтэрнэтам карыстаюцца найперш маладыя люді, якія вучацца ў ВНУ, альбо маюць вышэйшую адукацыю:
(Студэнт: ) “Карыстаюся кожны дзень”.
(Хлопец: ) “Кожны дзень таксама, на працы”.
(Студэнтка: ) “Так, вельмі часта. Ёсьць рэчы, якія можна адправіць толькі па электроннай пошце. Яшчэ ў вучобе дапамагае: мэтадычкі ўсялякія, фотаздымкі, лісты. Тое, што па звычайнай, і нават болей”.
(Дзяўчына: ) “Так, даволі часта даводзіцца: размаўляю, перапісваюся — ды ўсё, што заўгодна. Калі штосьці патрэбна, гэта ў кагосьці ёсьць у электронным варыянце, ён мне можа скінуць гэта ў маю скрыню”.
Але сталыя людзі сапраўды аддаюць перавагу традыцыйнай пошце:
(Карэспандэнт: ) “Электроннай поштай карыстаецеся?”
(Спадар:) “Не, не, не”.
(Другі спадар: ) “Не, не хачу”.
(Пэнсіянэр: ) “Не, не карыстаўся, няма патрэбы”.
(Спадарыня: ) “На працы тэлефон, няма патрэбы”.
(Другая спадарыня: ) “Не, няма магчымасьці”.