Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГОРАДНІ СТРАЙК ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ ПАКУЛЬ НЕ СПЫНЯЕЦЦА


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Сёньняшні сход на рынку ў Горадні адзін з чыноўнікаў назваў мітынгам. Але самі чыноўнікі мусілі прыехаць на яго, каб выслухаць прадпрымальнікаў. Выступіў на сходзе і дэпутат палаты прадстаўнікоў гарадзенец Валеры Фралоў.

На думку старшыні Руху дэмакратычных сілаў “Гарадзенскі выбар” Зьмітра Іваноўскага, прадпрымальнікі трымаюцца згуртавана і спыняць страйк пакуль не зьбіраюцца. Ён таксама лічыць, што ўлады пачалі рэагаваць на патрабаваньні прадпрымальнікаў. Гаворыць Зьміцер Іваноўскі:

(Іваноўскі: ) “Пры такім вельмі дрэнным надвор’і, пры дажджы са сьнегам на рынку “Паўднёвы” сабралася каля тысячы чалавек. Яны прыйшлі, каб пачуць аб’ектыўную інфармацыю наконт перамоваў з уладамі. Аблвыканкам стварае рабочую групу для правядзеньня “круглага стала” з прадпрымальнікамі”.

Сёньня прадстаўнікі страйкоўцаў аднесьлі свае патрабаваньні ў аблвыканкам. Тамака выклікае нэрвовасьць, што ў Горадні страйк праходзіць вельмі арганізавана.

Першы раз у Горадні страйкуюць нават прадаўцы мяса. Каб замяніць іх, часам за 150–200 кілямэтраў з райцэнтраў прывозяць па тушы мяса, па некалькі кіляграмаў фаршу.

Упершыню гарадзенскім страйкам кіруе Рух дэмакратычных сілаў “Гарадзенскі выбар”. Ранейшы лідэр страйкоўцаў Валеры Леванеўскі страціў свой былы ўплыў. Ён удзельнічаў у сустрэчы прадстаўнікоў рынкаў з намесьнікам старшыні аблвыканкаму Аляксандрам Радзевічам. На пытаньне прадпрымальнікаў — каго ён прадстаўляе? — ён адказаў, што “самога сябе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG