Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВІЛЬНІ АДНАЎЛЯЮЦЬ МУЗЭЙ ІВАНА ЛУЦКЕВІЧА


Севярын Квяткоўскі, Менск

Рашэньне, прынятае 7 кастрычніка, сталася кульмінацыяй 13-гадовых настойлівых захадаў віленскага Таварыства беларускае культуры, Таварыства беларускай мовы, прадстаўнікоў ураду Беларусі ды іншых зацікаўленых асобаў. Вялікую ролю ў справе прыняцьця парлямэнцкага рашэньня адыграў дэпутат літоўскага Сойму Вацлаў Станкевіч і старшыня ТБК Хведар Нюнька.

Пакуль дакладна ня вырашана, дзе менавіта адновіцца музэй Івана Луцкевіча. Перад вайной ён месьціўся ў славутых Базыльянскіх мурах, што блізу Вострае Брамы. Кажа Хведар Нюнька:

(Нюнька: ) “Мы радыя, што мы перамаглі. Гэта першае станоўчае рашэньне. Мы будзем ставіць, канечне, пытаньне, каб яно было менавіта ў тых самых памешканьнях, дзе яно было”.

Цяпер у пяці пакоях колішняга музэю знаходзіцца філіял каўнаскага тэхнічнага ўнівэрсытэту. А увесь комплекс Базыльянскіх муроў яшчэ на пачатку 1990-х быў перададзены віленскім украінскім уніятам.

Доўгі час літоўскае міністэрства культуры тлумачыла сваю адмову аднавіць музэй тым, што немалая частка экспанатаў (каля тысячы) у савецкі час была перададзеная Беларусі, а частка ў этнаграфічны й мастацкі музэі і ў бібліятэку Акадэміі навук Літвы.

Літоўскі бок пайшоў насустрач віленскім беларусам пасьля Канфэрэнцыі беларусаў Балтыі, што ладзілася сёлета ў Вільні, дзе быў прыняты адмысловы зварот да ўладаў Літвы: прэзыдэнта, парлямэнту і саўміну.

7 кастрычніка на сустрэчу з прадстаўнікамі літоўскага міністэрства культуры зь Беларусі быў запрошаны старшыня ТБМ Алег Трусаў:

(Трусаў: ) “Я гэтым займаўся, калі быў дэпутатам Вярхоўнага Савету. А зараз быў запрошаны як спэцыяліст у музэйнай справе”.

Менавіта спадар Трусаў мае кансультаваць аднаўленьне віленскага музэю Івана Луцкевіча.

Што да пэрспэктывы, спадар Нюнька настроены аптымістычна:

(Нюнька: ) “Пастараемся, каб у першай палове наступнага году зрабіць адкрыцьцё гэтага музэю”.

Пакуль аднаўляць экспазыцыю плянуюць з тых экспанатаў, што засталіся ў Літве. Невядома, ці перадасьць музэю Луцкевіча частку ягонай калекцыі беларускае Міністэрства культуры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG