Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДАХ У БЕЛАРУСКАЙ ТРАДЫЦЫІ


Вячаслаў Ракіцкі, Менск

Удзельнік: гісторык і археоляг Алег Трусаў.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Дзеля вызначэньня канструкцыі, сыстэмы перакрыцьця і накрыцьця верхняй часткі пабудовы беларусы выкарыстоўваюць два словы: “дах” і “страха”. Але менавіта слова “дах” больш ужывальнае ў беларусаў. Яно адлюстравалася нават у пагаворках: “Мець дах над галавой”, “Сабрацца пад адным дахам” ці нават “Дах паехаў”. Чаму “дах” а не “страха” часьцей выкарыстоўваецца нацыяй?”

(Алег Трусаў: ) “Дах — гэта сымбаль заможнага жыцьця беларуса. Толькі багатыя людзі жылі ў палацах з сапраўдным дахам. А бедныя жылі пад стрэхамі — і таму ў бальшавікоў была модная назва “вайна пад стрэхамі”, “усе мы з-пад стрэх”. Страха — гэта сымбаль бядоты, у якіх хата накрытая саломай, топіцца па-чорнаму”.

(Ракіцкі: ) “Вы хочаце сказаць, што беларусы заўсёды цягнуліся пад дах, а не пад страху?”

(Трусаў: ) “Так. Уцякалі з-пад страхі, зь вёскі пад гарадзкі дах”.

(Ракіцкі: ) “Маім госьцем — гісторык і археоляг Алег Трусаў. Спадар Трусаў, калі зьяўляюцца дахі ў тым значэньні, у якім мы распачалі з вамі гаворку, і адкуль увогуле паходзіць гэтае слова?”

(Трусаў: ) “Першыя нашы манумэнтальныя будынкі, накшталт Полацкай Сафіі, наогул дахаў ня мелі. Яны былі накрытыя сьвінцовымі лістамі пад цэглай скляпеньняў. Такая тэндэнцыя — без дахаў — дажыла да ХІV стагодзьдзя. І толькі ў пэрыяд готыкі з Прыбалтыкі, з ганзейскіх гарадоў прыйшоў да нас дах як такі з новым будаўнічым матэрыялам — дахоўкай. Такім чынам, дах на Беларусі з ХІV стагодзьдзя”.

(Ракіцкі: ) “А як жа быць са словам “крыша”?”

(Трусаў: ) “Такога слова мы ніколі не ўжывалі, і зараз гэтае слова — чыста расейскі жаргон. Нездарма кажуць, што там нейкі расейскі чыноўнік сядзіць “пад крышай”. І крыша — гэта нешта не зусім добрае, прыкрывае нейкіх не зусім добрых людзей. У нас ніколі ня скажуць, што ў гэтага мафіёзі “моцны дах”.

(Ракіцкі: ) “Значыць, дах — слова, якое прыйшло да нас з Эўропы?”

(Трусаў: ) “Так, гэта зьява готыкі. Першыя гатычныя будынкі ў Беларусі маюць сапраўдныя дахі, накрытыя новым будаўнічым матэрыялам — дахоўкай. Слова “дахоўка” таксама прыйшло праз польскую мову зь нямецкай”.

(Ракіцкі: ) “І якія гэта былі дахі? Якія былі самыя першыя пакрыцьці?”

(Трусаў:) ”У пэрыяд готыкі былі дахі двух тыпаў: простыя, яны крыліся як старыя стрэхі, двухспадавыя дахі, і былі больш складаныя — для цэркваў, для касьцёлаў — на кроквах. Зьяўляецца новае слова “кроква” — гэта такі моцны брус, хваёвы альбо сасновы, і гэты брус мае таўшчыню да 20-25 сантымэтраў. Яны вельмі доўгія. Такім чынам, дах — гэта цэлая частка будынка”.

(Ракіцкі: ) “Беларусь заўсёды была пад уплывам і ўсходняй, і заходняй культуры. Якія пакрыцьці ў нас пераважалі?”

(Трусаў: ) “З ХІV стагодзьдзя па сёньняшні дзень для беларусаў вельмі ўласьцівая дахоўка. Гэта ўнікальны матэрыял — апаленая гліна. Дах з дахоўкі жыве сотню, а то і больш гадоў. Асабліва, калі дахоўка пакладзеная правільна, а звычайна яе клалі на мох, каб не задуваў сьнег, і пазьней прывязвалі нават дротам да крокваў. І такі дах не баяўся ні агню, ні сьнегу, ні дажджу і стаяў 100-150 гадоў”.

(Ракіцкі: ) “А як жа быць з пазалочанымі купаламі той жа Полацкай Сафіі, ці з царквой Міхаіла ў Віцебску?”

(Трусаў: ) “Гэта яшчэ першы пэрыяд, дадахавы, калі ў якасьці пакрыцьця мы выкарыстоўвалі сьвінцовыя альбо алавянныя лісты. Сьвінец, дарэчы, прывозіўся таксама альбо з Чэхіі, альбо нават з Брытаніі, і гэтыя лісты прыбіваліся да сутарэньняў вялікімі цьвікамі з шырокай плешкай. Археолягі знаходзілі рэшты пазалоты — гэта была медзь, пакрытая золатам. Такія кавалачкі медзі з пазалотай знойдзеныя пры раскопках Ніжняй царквы ў Горадні і падчас раскопак славутай Полацкай Сафіі”.

(Ракіцкі: ) “У добрае надвор’е, калі пралятаеш над Цэнтральнай ці Заходняй Эўропай, над балтыйскімі краінамі, раскрываецца вельмі прыгожы від: чырвоныя, цаглянага колеру дахі. Беларусь, мы гаворым, эўрапейская краіна. Яна так сама выглядала?”

(Трусаў: ) “Цалкам так. Пры тым некаторыя нашы будынкі нават лепшыя, таму што ў час росквіту нашай дзяржавы, які прыпадае на ХVІ — пачатак ХVІІ стагодзьдзяў, выкарыстоўваліся дахі з маляванай дахоўкі. Яе пакрывалі рознымі адценьнямі зялёнай ці жоўтай глязуры. Такімі дахоўкамі быў пакрыты ўнікальны будынак — Дамініканскі касьцёл”.

(Ракіцкі: ) “Я калісьці чытаў пра дахоўку зь вельмі дзіўным назовам “бабровы хвост”. Што гэта такое?”

(Трусаў: ) “Гэта гатычная дахоўка, якая была ў Беларусі ў ХV-ХVІ стагодзьдзі, і па форме напамінае хвост бабра. Стары замак у Горадні, напрыклад, пакрыты такім дахам, у некаторай ступені Гальшанскі замак”.

(Ракіцкі: ) “Гэта нашае адкрыцьцё, ці эўрапейскае?”

(Трусаў: ) “Нашае. Справа ў тым, што дахоўка “бабровы хвост” у Эўропе мала пашыраная, гэта больш беларуска-польская вэрсія дахаў”.

(Ракіцкі: ) “Адным з самых найцікавейшых пэрыядаў нашай гісторыі ў сэнсе шматбаковага разьвіцьця культуры — гэта эпоха барока, эпоха, калі багацела шляхта, магнатэрыя, якая прывозіла самае лепшае з Эўропы. Як памяняліся дахі ў эпоху барока?”

(Трусаў: ) “Значна. Па-першае, дахі сталі вельмі складанай канструкцыяй. На дахах зьяўляюцца мансарды. Тая мансарда, якая і зараз у Менску часта будуецца як летні пакой — гэта барока, ХVІІ ці ХVІІІ стагодзьдзя, дзе шляхціч летам мог адпачываць ці азіраць сваё навакольле. Другое: у часы рэнэсансу-барока зьяўляюцца такія рэчы як дымнікі, ветранікі і новыя прафэсіі — камінары. А крыху пазьней, у пэрыяд позьняга барока—клясыцызму зьяўляюцца новы будаўнічы матэрыял — бляха і прафэсія — бляхар, спэцыяльныя людзі, якія крылі дах бляхай”.

(Ракіцкі: ) “Канструкцыя, форма даху залежыць яшчэ і ад геаграфічных, кліматычных умоваў. Для Беларусі, натуральна, характэрныя дахі са схіламі. Але вельмі часта ў будынках, якія ўжо нават аб’яўленыя гістарычнай каштоўнасьцю, мы бачым і будынкі без дахаў?”

(Трусаў: ) “Такія будынкі — набытак канструктывізму. Такі архітэктурны стыль панаваў у Эўропе у 20–30 гадах. Упершыню архітэктары, зноў, як калісьці, адмовіліся ад даха, накрывалі будынак рубэройдам, залівалі смалой і рабілі стокі для вады. Сёньняшнія жылыя дамы, фактычна, зробленыя па гэтай жа канструкцыі, яны ня маюць дахаў у эўрапейскам значэньні. Вось такія дамы былі доўгі час модныя па ўсім сьвеце, але зараз зноў вяртаемся да дахаў, і зноў зьяўляецца новы матэрыял, які завецца мэталадахоўка”.

(Ракіцкі: ) “А лідзкі паштамт?”

(Трусаў: ) “Гэта зьява, якую павінен пабачыць кожны беларус, які цікавіцца сваёй спадчынай, бо ён зроблены па амэрыканскім праекце і мае шкляны дах. Там няма ніводнага акна”.

(Ракіцкі: ) “Калі яго пабудавалі?”

(Трусаў: ) “Недзе ў 1929–31 годзе амэрыканскім архітэктарам. Ён быў накрыты калісьці спэцыяльнай шкляной дахоўкай, я нават трымаў яе ў руках. Зараз дахоўка пабілася, там проста лісты шкла. І калі вы будзеце ў Лідзе, шаноўныя слухачы, абавязкова паглядзіце на гэты цуд”.

(Ракіцкі: ) “А што вы скажаце пра шыфэр?”

(Трусаў: ) “Гэта тыпова савецка-бальшавіцкае пакрыцьцё дахаў, калі хацелі дагнаць і перагнаць Амэрыку. Упершыню шыфэр стаў зьяўляцца ў час Хрушчова і Брэжнева, каб накрываць кароўнікі і іншыя збудаваньні. Гэта быў масавы танны матэрыял, які выраблялі ў вялікай колькасьці. У час пажару гэта было накшталт гранаты, кавалкі шыфэра нават забівалі людзей. Потым аказалася, што гэты матэрыял яшчэ і канцэрагенны. Аднак усе сяляне вельмі ганарыліся, ім было вельмі важна ад шчапы перайсьці да шыфэра”.

(Ракіцкі: ) “Мы можам сказаць, што будынкі якія пакрываюцца шыфэрам, — гэта будынкі пад страхой?”

(Трусаў: ) “Так, пад савецкай страхой”.

(Ракіцкі: ) “Ці пастаяннае ўдасканаленьне дахаў прыводзіла да зьяўленьня новых прафэсіяў?”

(Трусаў: ) “Калі мы разгледзім умовы іспытаў беларускіх цесьляроў, то пабачым, што былі дзьве самыя складаныя работы, каб атрымаць майстра — зрабіць вінтавую лесьвіцу на дах і сам дах пад дахоўку. І толькі пасьля таго, як ён зробіць гэта ўсё, толькі тады цясьляр атрымліваў дыплём майстра. Ну а бляхары наогул былі самыя багатыя рамесьнікі”.

(Ракіцкі: ) “Ну і натуральна дахі мелі пэўныя ўпрыгожваньні?”

(Трусаў: ) “Яны былі ад спэцыяльнай дахоўкі, так званая вільчаковай. Верх даху называецца “вільчык”, на які клалі спэцыяльную дахоўку на паўмэтра вышынёй. І былі дэкаратыўныя фігуркі як галовы птушак — яны захаваліся на касьцёле Сьвятой Ганны, а потым іх знайшлі археолягі, у тым ліку і я, на раскопках Мірскага замку. І зараз на самім замку мы можам бачыць гэтую дэталь”.

(Ракіцкі: ) “Зрэшты, тое, што вы зараз сказалі, давайце будзем разумець як анонс нашай з вамі наступнай перадачы, што прагучыць наступным чацьвяргом”.

(Трусаў: ) “Цалкам згодны”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG