Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КІРАЎНІК СЬЛЕДЧАГА КАМІТЭТУ ЛЕАНІД ГЛУХОЎСКІ ЧАСОВА АДХІЛЕНЫ АД ПАСАДЫ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Леанід Глухоўскі адхілены ад выкананьня абавязкаў кіраўніка сьледчага камітэту і намесьніка міністра ўнутраных справаў. Гэтае рашэньне было прынятае Аляксандрам Лукашэнкам у часе нарады з кіраўнікамі сілавых ведамстваў, якая прайшла пасьля ягонага візыту ў Сьветлагорск на мінулым тыдні. Афіцыйна заяўлена, што выявіліся выпадкі, калі міліцэйскія начальнікі спрыялі камэрцыйным структурам у цэлюлёзна-папяровай прымысловасьці Гомельшчыны, і, пакуль будзе весьціся праверка, Леанід Глухоўскі ад пасады адхілены.

Гэтакі ж лёс напаткаў палкоўніка міліцыі Ўладзімера Карцава, які кіруе Гомельскім упраўленьнем камітэту ў справе барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю. Дзейнасьць міліцыянтаў цяпер будзе правяраць дзяржаўная камісія на чале з Анатолем Тозікам, кіраўніком Дзяржкантролю. Дарэчы, ягоныя ж падначаленыя і выявілі факты, пра якія было паведамлена Аляксандру Лукашэнку ў Сьветлагорску.

Такім чынам, як лічаць многія назіральнікі, высновы камісіі магчыма прадказаць з дастаткова вялікай доляй верагоднасьці, бо наўрад ці адныя і тыя ж кантралёры будуць іх мяняць. Іншая рэч, ці будуць прынятыя паводле гэтых высноваў адпаведныя рашэньні.

Леаніда Глухоўскага калегі называюць улюбёнцам лёсу. Ён вельмі рана даслужыўся да пасады намесьніка міністра і атрымаў генэральскія пагоны. Глухоўскаму няма яшчэ і 50 гадоў. Між тым, імклівы рост ягонай кар’еры часта зьвязваецца ня толькі з прафэсійнымі якасьцямі, але і з уменьнем быць карысным начальству. Да таго ж, ён стаў дэпутатам палаты прадстаўнікоў, што дало магчымасьць быць у цэнтры ўвагі журналістаў. Але галоўнае — спрычыніўся да шмат якіх гучных справаў.

Калі ў 1997 годзе ў сьледчым камітэце распачалі крымінальную справу супраць двойчы героя сацыялістычнай працы Васіля Старавойтава, Глухоўскі быў толькі адным са сьледчых у групе. Празь некалькі галоў, калі Старавойтаў ужо сядзеў у турме, Леанід Глухоўскі ўзначаліў сьледчы камітэт. Васіль Старавойтаў дагэтуль мае прэтэнзіі да сьледчых і асабіста да Глухоўскага, якога падазрае ў выкананьні пэўнай замовы зьверху.

(Старавойтаў: ) “Толькі замова гэта была. Мяркую, Глухоўскі дзейнічаў паводле замовы, а ня сам рабіў высновы. Ён мне некалькі разоў казаў, што я згнію ў турме, хаця ня меў і цяпер няма доказаў маёй віны”.

Васіль Старавойтаў называе сьледчага “нядобрасумленным чалавекам” і вітае ягонае адхіленьне ад пасады.

Падобную ж рэакцыю на адхіленьне Глухоўскага я пачуў і ад былога прэм’ера Міхаіла Чыгіра. Ён перакананы, што Глухоўскі выключна ў кар’ерных мэтах перасьледаваў спачатку яго, а потым ягонага сына Аляксандра. Згадаў Міхаіл Чыгір і тое, што пад кіраўніцтвам Глухоўскага сьледчыя камітэту перасьледавалі шмат каго з дырэктараў заводаў і банкіраў.

(Чыгір: ) “Для яго ж была толькі служба. Ён бачыў толькі кар’ерную лесьвіцу, па якой падымаўся, нягледзячы на затрыманьні і арышты”.

Міхаіл Чыгір згадаў, што калі быў затрыманы ягоны сын Аляксандар, якога абвінавацілі ў гандлі крадзенымі запчасткамі, то нібыта асабіста Глухоўскі праводзіў зь ім допыт і быццам пагражаў сыну турмой. Але чамусьці потым пратакола гэтага допыту ў справе не знайшлося.

Збольшага Міхаіл Чыгір перакананы, што калі б дзейнасьць некаторых сьледчых расьсьледавала аб’ектыўная камісія, то яна б прыйшла да высновы, што яны нанесьлі больш шкоды, чым сапраўдныя злодзеі. Што да Леаніда Глухоўскага, то экс-прэм’ер перакананы, што аб’ектыўная ацэнка ягонай працы калі не камісіяй Тозіка, дык пазьней будзе дадзеная.

Між тым, пакуль невядома, што Леанід Глухоўскі нібыта ў нечым падазраецца. У прэсавай службе Камітэту дзяржкантролю кажуць, што ня ведаюць пра пэўныя падазрэньні. Тым часам на працы Глухоўскага сакратарка заяўляе, што ён у адпачынку і выконвае толькі свае дэпутацкія абавязкі.

Датэлефанавацца да Леаніда Глухоўскага, каб атрымаць ад яго камэнтар, пакуль не ўдаецца. А вось адхілены разам з Глухоўскім палкоўнік Карцаў адказаў на просьбу карэспандэнта Радыё Свабода. Уладзімер Карцаў паведаміў, што сапраўды разам са сьледчымі сьледчага камітэту правяраў Сьветлагорскі завод хімічных валокнаў. Супраць кіраўнікоў гэтага заводу распачалі некалькі крымінальных справаў. А вось якія ёсьць прэтэнзіі ў гэтай сувязі да сьледчых, Карцаў камэнтаваць адмовіўся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG