Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КІШЫНЁЎ РЫХТУЕЦЦА ДА САМІТУ КІРАЎНІКОЎ КРАІНАЎ СНД


Віталь Цыганкоў, Кішынёў

Улады, канечне, запэўніваюць, што гэта аніяк не зьвязана з самітам кіраўнікоў краінаў СНД, аднак ім мала хто верыць. Чатырохмільённая Малдова рыхтуецца да саміту як да самай значнай і маштабнай міжнароднай падзеі. У кішынёўскім аэрапорце адрамантавалі фасад будынку для асабліва важных гасьцей, траву падстрыглі, кветачныя клюмбы асьвяжылі. Па дарозе з аэрапорту да цэнтру гораду галоўную магістраль Кішынёва ачысьцілі ад неарганізаваных гандляроў, а таксама ад жабракоў, якіх тут нямала, бо сярэдні заробак у краіне складае каля 40 даляраў у месяц. Ва ўсіх раёнах, што прылягаюць да гэтай трасы, паліцыянты прайшліся па кватэрах і папрасілі часова здаць зарэгістраваную зброю. Нават сталічны рынак – адна з адметнасьцяў Кішынёву – у дні саміту працаваць ня будзе.

Нацыянальна-дэмакратычная апазыцыя Малдовы плянавала падчас саміту правесьці сваю вулічную акцыю пратэсту, але некалькі дзён таму вымушаная была яе адмяніць. Карацей, адміністрацыя прэзыдэнта Малдовы – камуніста Ўладзімера Вароніна – зрабіла ўсё магчымае, каб саміт прайшоў спакойна і беспраблемна.

Малдова аднойчы – у 1997 годзе – ужо прымала саміт СНД, які стаў у пэўным сэнсе гістарычным. Менавіта тады большасьць прэзыдэнтаў Садружнасьці выступіла з рэзкай крытыкай Барыса Ельцына, і ён нават не хаваў сваёй раззлаванасьці на выніковай прэсавай канфэрэнцыі. Мясцовыя палітыкі і расейскамоўная малдаўская прэса спадзяюцца, што на гэты раз саміт будзе больш удалым, і выказваюць, на маю думку, занадта вялікі аптымізм наконт магчымых посьпехаў сустрэчы.

Такі безразважны аптымізм не падзяляе нават намесьнік старшыні выканаўчага камітэту СНД Дзьмітры Булахаў. Журналісцкая ўдача напаткала мяне са спадаром Булахавым тут у Кішынёве каля Палацу рэспублікі, дзе пройдзе саміт. Па дарозе да атэлю, дзе спыніліся афіцыйныя дэлегацыі, спадар Булахаў і даў кароткае інтэрвію для Радыё Свабода.

(Булахаў: ) “Саміт будзе ня больш ды ня менш эфэктыўны за папярэднія. Гэта працоўны саміт. Мы ўжо адмовіліся ад фармулёвак накшталт “чарговы, вырашальны, прарыўны”. У парадку дня вялікая колькасьць прынцыпова важных палітычных, эканамічных, ваенных пытаньняў. Саміт пройдзе, рашэньні будуць прынятыя, гэта будуць, безумоўна, канструктыўныя рашэньні, але чакаць ад гэтага саміту нейкіх эпахальных, гістарычных заваёваў, прарываў ды іншага ня варта. Гэта карпатлівая плянавая праца, якая ў нас разьмечаная на гады наперад”.

Булахаў таксама паведаміў, што не чакае анічога інтрыгуючага і ад друхбаковых сустрэчаў кіраўнікоў дзяржаваў, у тым ліку ад сустрэчаў Пуціна з Шэварднадзэ і Лукашэнкам. Дарэчы, прэс-служба малдаўскага прэзыдэнта распаўсюдзіла прэс-рэліз, які мне паказалі нашыя малдаўскія калегі з Радыё Свабода, наконт прыбыцьця кіраўнікоў дзяржаваў СНД. Усе прэзыдэнты прылятаюць у Кішынёў у нядзелю, 6 кастрычніка. У раскладзе прызямленьня самалётаў прочырк стаяў толькі супраць даты прылёту беларускай дэлегацыі. Беларусы дасюль не паведамілі, калі зьбіраюцца прыляцець на саміт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG