Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УКРАІНА АДКІДАЕ АБВІНАВАЧАНЬНІ Ў ПРОДАЖЫ ІРАКУ РАДАРНАЙ СЫСТЭМЫ “КАЛЬЧУГА”


Ул. інф.

Адзін з высокіх украінскіх чыноўнікаў, які пажадаў захаваць ананімнасьць, паведаміў радыё “Свабода”, што Кучма насамрэч ухваліў продаж радарнай сыстэмы, але зьдзелка не адбылася. Замест гэтага Ірак нібыта набыў “Кальчугу” савецкіх часоў у Расеі.

Генэральны пракурор Украіны Сьвятаслаў Піскун расьсьледуе абвінавачваньні ў продажы Іраку ўкраінскай радарнай сыстэмы. Ён кажа, што няма ніякіх доказаў таго, што Ўкраіна, насуперак санкцыям ААН, прадала сыстэму “Кальчуга”.

(Піскун: ) “Мае сьледчыя падчас праверкі матэрыялаў аб продажы “Кальчугаў” Іраку, давялі, што незалежная Ўкраіна ў Ірак “Кальчугі” не прадавала і не пастаўляла”.

Піскун заявіў, што ня можа адказаць на пытаньне ці ўхваліў у свой час прэзыдэнт Кучма продаж радарнай сыстэмы Іраку.

(Піскун: ) “Былі размовы наконт гэтага ці не было такіх размоваў, мяне гэта не цікавіць. Мяне цікавіць факт, быў такі факт ці не. Я ведаю, што такога факту не было. Я ведаю, што “Кальчугі,” вырабленыя падчас незалежнасьці Ўкраіны, усе тут. Яны падлічаныя, яны там, дзе маюць быць. Іншых няма і ня можа быць у прыродзе”.

ЗША грунтуюць свае абвінавачваньні на сакрэтных запісах размоваў Кучмы, якія зрабіў былы ахоўнік украінскага прэзыдэнта. Гэтыя ж стужкі сьведчаць аб датычнасьці Кучмы да карупцыі і да забойства журналіста Георгія Гангадзэ. Паводле Вашынгтону, амэрыканскія экспэрты давялі сапраўднасьць запісаў, у тым ліку размовы паміж Кучмам і Валерыем Малевым, кіраўніком украінскай агенцыі збройнага экспарту, аб продажы “Кальчугі” у Ірак. Але генпракурор Украіны скардзіцца, што ЗША адмаўляюцца перадаць на ўкраінскую экспэртызу арыгіналы стужак.

Радарная сыстэма “Кальчуга” была распрацаваная ў Савецкім Саюзе ў 1986 годзе. Пасьля распаду СССР большасьць “Кальчугаў” забрала сабе Расея, але Ўкраіна пачала выпускаць уласную мадэль. Украінскія экспэрты кажуць, што яна лепшая за савецкую. У адрозьненьне ад звычайных радарных сыстэмаў, “Кальчуга” не дасылае сыгналаў, калі скануе паветраную прастору. Яе таксама зручна перавозіць на грузавіку і лёгка схаваць. Амэрыканскія і брытанскія самалёты, якія патрулююць паўночны і паўдзённы Ірак, часта зьнішчаюць звычайныя ірацкія радарныя сыстэмы, злавіўшы іх сыгнал. Супраць “Кальчугі” змагацца значна цяжэй.

Дзярждэпартамэнт ЗША ня мае наўпроставых доказаў, што ўкраінская “Кальчуга” трапіла ў Ірак. Аднак Злучаныя Штаты кажуць, што ёсьць ускосныя сьведчаньні таго, што Ірак мае такі радар. Адзін з высокіх украінскіх чыноўнікаў, які пажадаў захаваць ананімнасьць, паведаміў радыё “Свабода”, што Кучма насамрэч ухваліў продаж радарнай сыстэмы, але зьдзелка не адбылася. Замест гэтага Ірак нібыта набыў “Кальчугу” савецкіх часоў у Расеі.

Украіна прызнае, што сёлета прадала тры сыстэмы “Кальчуга” Этыёпіі. Экспэрты кажуць, што Этыёпіі яны не патрэбныя, бо войскі асноўнага ворага Этыёпіі – Эрытрэі – ня могуць змагацца нават са звычайнымі радарамі. Таму магчыма, што “Кальчугі” перапрадалі Іраку. ЗША правяраюць, ці засталіся гэтыя сыстэмы ў Этыёпіі. Хуткім часам амэрыканскія экспэрты таксама маюць прыехаць ва Ўкраіну дзеля расьсьледаваньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG