Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАМУ ГЕНАДЗЬ НАВІЦКІ НЕ ПАЕХАЎ У ЛЬВОЎ?


Валер Каліноўскі, Менск

Яшчэ раніцай 3 кастрычніка дзяржаўнае радыё анансавала вылет беларускай дэлегацыі на львоўскі эканамічны форум. У той жа дзень зь беларускага ўраду ў Львоў прыйшло паведамленьне, што беларускіх прадстаўнікоў ня будзе.

Намесьнік кіраўніка львоўскай абласной адміністрацыі Анатоль Данелішын паведаміў на прэсавай канфэрэнцыі, што “адмова гэтая зьвязаная з надзвычайнай сытуацыяй у Беларусі”. На справе ніякай надзвычайнай сытуацыі ў Беларусі няма, прынамсі, не абвешчана афіцыйна. Прэсавы сакратар Генадзя Навіцкага Іван Знаткевіч патлумачыў Свабодзе, што прычына адмены візыту на форум — “наздзвычайная занятасьць Навіцкага” ў сувязі з падрыхтоўкай да кішынэўскага саміту СНД.

Іншыя асобы, набліжаныя да прэм’ера, патлумачылі, што сам ён такія рашэньні не прымае. Увогуле прыезд Навіцкага ў Львоў не лічыўся праблемай, гаворыць рэдактар незалежнай “Львівськай газеты” Васыль Тэрэшчук:

(Тэрэшчук: ) “Пастаянна стаяла пытаньне, ці прыедзе Лешэк Мілер, польскі прэм’ер, толькі пра гэта штодзень пісалі львоўскія газэты, пра тое, што Мілер вагаецца, раіцца з прэзыдэнтам. Пра Беларусь жа ўвогуле пытаньня не паўставала. Таму адмова беларускай дэлегацыі прыехаць стала неспадзяванкай. Бо, калі б яны прыехалі, то гэтага б ніхто й не заўважыў”.

Адмову афіцыйнага Менску накіраваць сваю дэлегацыю ў Львоў Васыль Тэрэшчук лічыць “палітычным дэмаршам кіраўніцтва Беларусі ў адносінах да Ўкраіны”.

(Тэрэшчук: ) “Ёсьць нейкія палітычныя і эканамічныя супярэчнасьці паміж Менскам і Кіевам, у прыватнасьці — пытаньне доўгу, на выплаце якога настойвае Беларусь. Не ўпершыню ўжо такія дэмаршы, уласна з-за гэтых даўгоў і эканамічных непаразуменьняў”.

Беларусь патрабуе ад Украіны выплаты доўгу 200 мільёнаў даляраў, які склаўся пасьля распаду Савецкага Саюзу. Спрэчкі пра гэтыя грошы ідуць каля 10 гадоў, і сёлета А.Лукашэнка паставіў перад прэм’ерам Навіцкім задачу абавязкова дабіцца выплаты. Пры гэтым А.Лукашэнка асабіста зьвязаў у “пакет” выплату доўгу з ратыфікацыяй дамовы пра супольную мяжу, чаго Кіеў чакае з 1995 году.

Праблему запазычанасьці беларускі і ўкраінскі прэм’еры неаднаразова абмяркоўвалі, у прыватнасьці, на нядаўняй сустрэчы ў Гомелі. Не задаволены А.Лукашэнка і антыдэмпінгавымі захадамі Кіева да некаторых беларускіх тавараў, вызнаньне ім Беларусі як краіны зь нярынкавай эканомікай. У справе доўгу беларускаму ўраду не ўдалося дабіцца ніякага прагрэсу. Пра гэта сьведчыць пазыцыя ўраду Ўкраіны, якую агучыў сёньня Сэргій Нагаранські, прэсавы сакратар украінскага прэм’ера:

(Нагаранські: ) “Даўгі, якія засталіся, — гэта карпаратыўныя даўгі, гэта значыць, украінскіх прадпрыемстваў, а не ўкраінскай дзяржавы . Мы ведаем, што ў Беларусі свой погляд на гэтую праблему, а таксама на суму, якую нібыта запазычыла ёй Украіна як дзяржава. Але я не хацеў бы зьвязваць рашэньні беларускага ўраду з вырашэньнем гэтых праблемаў і знаходжаньнем дэлегацыі тут у Львове”.

Прэсавы сакратар украінскага прэм’ера Сэргій Нагаранські ня лічыць адмову Генадзя Навіцкага ад сустрэчы з Анатолем Кінахам палітычным дэмаршам, хаця бачна, што ў Кіеве расчараваныя гэтым нечаканым рашэньнем.

Тым часам на Львоўскім эканамічным форуме прысутнічаюць прадстаўнікі 14 краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, у тым ліку прэм’ер-міністры Польшчы і Ўкраіны, віцэ-прэм’еры Малдовы і Славаччыны. Беларусь на форуме прадстаўленая толькі супрацоўнікамі амбасады. Беларускія бізнэсоўцы і кіраўнікі прадпрыемстваў, якія зьбіраліся на форум разам з Г.Навіцкім, засталіся дома.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG