Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС БЕЛАРУСІ НЕ ПЛЯНУЕ ВІЗАВЫ РЭЖЫМ З ГРУЗІЯЙ І СЬЦЬВЯРДЖАЕ, ШТО НЯМА ПРАБЛЕМЫ ЗЬ ВІЗАМІ ДЛЯ ШВЭДАЎ


Юры Сьвірко, Менск

На сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі ў МЗС, прысьвечанай пытаньням візавай палітыкі, я папрасіў намесьніка міністра Аляксандра Герасіменку пракамэнтаваць сытуацыю вакол адмовы ў беларускіх візах швэдзкім грамадзянам.

Нагадаю, што швэдзкая газэта “Aftonbladet” надрукавала зварот лідэраў усіх сямі партыяў, што маюць парлямэнцкія фракцыі, дзе канстатуецца, што візавая палітыка Беларусі стала больш жорсткаю. Аўтары звароту прыгадваюць шэраг выпадкаў, калі швэдзкім палітыкам і грамадзкім дзеячам без сур’ёзных падставаў было адмоўлена ў беларускіх візах на ўезд, і разглядаюць гэтыя факты як частку больш шырокіх тэндэнцыяў блякаваньня дэмакратычных працэсаў у Беларусі.

Вось які камэнтар даў спадар Герасіменка:

(Герасіменка: ) “Мы такіх фактаў ня маем, наадварот, тэма нашае прэсавае канфэрэнцыі ды нашыя прапановы — пра спрашчэньне візавых стасункаў, найперш з суседзямі. Але, калі ёсьць нейкія факты, мы дадаткова вывучым. Ведаеце, часам за ўсімі гэтымі фактамі стаяць канкрэтныя людзі. Недзе хтосьці мог перавысіць свае паўнамоцтвы. А каб сказаць, што дзяржавай ставіцца такая задача — зрабіць больш жорсткім, патрабаваць нешта дадатковае — дык такіх выпадкаў не было”.

Карэспандэнт агенцтва ІТАР-ТАСС задаў Аляксандру Герасіменку пытаньне пра стасункі Беларусі з Грузіяй, чые грамадзяне дзякуючы бязьвізаваму рэжыму зь Беларусьсю трапляюць празь менскі аэрапорт і ў Расею, якая ўвяла для грузінаў візы.

Намесьнік міністра адказаў, што парадак руху грамадзянаў краін СНД рэгулюецца пагадненьнем 1992 году пра бязьвізавы рэжым, але з гэтага Бішкецкага пагадненьня выйшла Расея, якая ўсталявала візавыя стасункі з Грузіяй.

Радыё Свабода распавядала, як кожны панядзелак у Менск прылятае самалёт з Тбілісі, шмат пасажыраў якога нават не хаваюць, што адмыслова едуць у Расею бязь ейных візаў. Таму я спытаўся, ці зьбіраецца Беларусь рабіць нейкія захады з гэтай нагоды.

(Герасіменка: ) “Нічога зьмяняць мы не плянуем. Што да канкрэтных асобаў, якія сюды прыяжджаюць з Грузіі, — вы ведаеце, яны такім жа чынам могуць прыехаць і праз Расею, праз Украіну. На самалёт — і прыляцелі да нас. Былі прапановы — маўляў, ёсьць рэйс прамы Тбілісі–Менск, таму яны прылятаюць, давайце візавыя стасункі... Прынамсі, пытаньняў пра нейкае больш жорсткае рашэньне ў зьвязку з прыездам сюды асобаў, якія парушаюць у нас парадак, не было. І не мяркуецца”.

Аляксандар Герасіменка сёньня таксама крытыкаваў рашэньне Літвы ўвесьці з 1 студзеня 2003 году поўнамаштабны візавы рэжым зь Беларусьсю і распавёў, што пакуль беларускія грамадзяне могуць езьдзіць бязь візаў ва ўсе краіны СНД, акрамя Туркмэністану, і ў Польшчу, Македонію, Югаславію, Манголію й на Кубу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG