“Пабудуем бібліятэку разам” — пад гэткім дэвізам зараз у Беларусі ладзіцца маштабная акцыя дзеля пабудовы новага будынку Нацыянальнай бібліятэкі. Гэта будзе мадэрновы шматпавярховы будынак у форме алмазу. Тэлеканал ОНТ з гэтай нагоды сёньня ладзіў тэлемаратон.
Людзей заклікалі ахвяраваць грошы. Сярод ахвярадаўцаў практычна ўсе дзяржаўныя ўстановы Беларусі — міністэрствы, прадпрыемствы і навучальныя ўстановы. Прыкладам, прэм’ер Генадзь Навіцкі аддаў на бібліятэку свой месячны заробак. Ёсьць і замежныя памочнікі — урад Іраку вырашыў перавесьці на рахунак бібліятэкі 500 тысяч даляраў. Што да беларускіх установаў, то ў большасьці зь іх сродкі зьбіраюць у гэтак званым “добраахвотна-прымусовым” парадку.
Менская сярэдняя школа №4 знаходзіцца побач з Нацыянальнай бібліятэкай. Некалькі дзён запар тут зьбіраюць зь дзяцей грошы на будаўніцтва.
(Вучань: ) “Зьбіраюць па тысячы рублёў”.
(Карэспандэнтка: ) “Добраахвотна ці прымусова?”
(Вучань: ) “Добраахвотна. Спачатку за нас заплацілі, а цяпер мы мусім плаціць”.
(Карэспандэнтка: ) “А хто за вас заплаціў?”
(Вучань: ) “Ніхто ня ведае”.
(Другі вучань: ) “Сказалі, што добры чалавек за нас заплаціў”.
(Вучань: ) “Нас не папярэджвалі спачатку, і за нас заклалі гэтыя грошы. А зараз мы мусім заплаціць гэтыя грошы. Добраахвотна”.
(Карэспандэнтка: ) “А якім чынам заклікаюць здаваць грошы?”
(Вучань: ) “Настаўнікі кажуць”.
(Другі вучань: ) “У нас штодня зьбіраюць грошы. Па 1, 2, 3 тысячы. То на цырк, то на настаўніка...”
Школьнікаў далучаюць непасрэдна й да самога збору сродкаў. Сёньня ў розных раёнах Менску — ва Ўруччы, у Курасоўшчыне, Зялёным Лузе, ля Чэрвеньскага рынку вучні разам з настаўнікамі стаялі з плякатамі й адмысловымі скрынямі й заклікалі людзей ахвяраваць грошы.
Актыўна зьбіраюць грошы й у дзяржаўных установах. Распавядае спадарыня Аксана:
(Аксана: ) “Мой хлопец працуе ў Міністэрстве падаткаў і збораў. І ў іх па 13 тысяч здымалі за бібліятэку”.
(Карэспандэнтка: ) “А калі людзі адмаўляліся?”
(Аксана: ) “Там няма такога паняцьця — адмаўляюцца. Гэта прымусова. Калі яны адмовяцца, то ня ведаю, што будзе. Усе там запалоханыя, баяцца згубіць свае месцы. Калі яны не заплацяць па 13 тысяч, то давядзецца дрэнна”.
І яшчэ адзін прыклад. У навукова-дасьледчай частцы ўнівэрсытэту інфарматыкі й радыёэлектронікі паводле вуснага загаду кіраўніцтва ўсіх штатных супрацоўнікаў прымусілі напісаць ад рукі заявы аб добраахвотным пералічэньні часткі свайго заробку ў фонд будаўніцтва.
Былы старшыня Вярхоўнага Савету, навуковец Станіслаў Шушкевіч мяркуе, што збор сродкаў на будаўніцтва бібліятэкі праводзіцца ў недапушчальнай форме.
(Шушкевіч: ) “Ёсьць дзяржава, у якой ёсьць сыстэма падаткаў, і гэта — агульнадзяржаўная справа. Калі ёсьць нейкія мэцэнаты, алігархі, гэта іхная справа. А ў Беларусі, краіне жабракоў, зьбіраць на бібліятэку няма з каго. Бібліятэка больш за ўсё патрэбная інтэлігенцыі, а яна ў нас жабрацкая. Гэта нейкі фарс. Час ад часу ўключыш тэлебачаньне, і як быццам бы нейкі цуд адбываецца.
Трэба будаваць Нацыянальную бібліятэку за грошы насельніцтва Беларусі. Гэта павінна быць пазыцыя бюджэту, а калі будуць нейкія дадатковыя сродкі, то няхай будуць. А так як быццам бы агульнанародная справа робіцца, і ўсе агульнанародна будуць даваць сродкі. Няма гэтых сродкаў у Беларусі. Гэта проста сьмеху варта — зь людзей, якія жывуць у сярэднім ніжэй пражытковага мінімуму, зьбіраць яшчэ грошы”.
Паводле загаду Аляксандра Лукашэнкі, будаўніцтва новага будынку Нацыянальнай бібліятэкі павінна распачацца не пазьней за 1 лістапада, а закончыцца — да 1 верасьня 2006 году, напярэдадні новых прэзыдэнцкіх выбараў.