Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАВОДЛЕ ВЫНIКАЎ ПРАВЕРКI КАМЭРЦЫЙНАЙ ДЗЕЙНАСЬЦІ БПСМ РАСПАЧАТЫ ШЭРАГ КРЫМІНАЛЬНЫХ СПРАВАЎ


Алег Супрунюк, Берасьце

Праверка берасьцейскай арганiзацыi Беларускага патрыятычнага саюзу моладзi была распачатая супрацоўнiкамi Камiтэта дзяржаўнага кантролю яшчэ ў траўнi. Маштабы выяўленых злоўжываньняў прымусiлi заняцца гэтым пытаньнем i Дэпартамэнт фiнансавых расьсьледаваньняў. У вынiку была ўзбуджаная крымiнальная справа супраць генэральнага дырэктара навукова-прамысловага прадпрыемства "Экспэрт" спадара Стадольнiка. Яго падазраюць у злачынстве, пакараньне за якое прадугледжана часткай першай артыкула 237-га Крымiнальнага кодэксу (выманьваньне крэдыту альбо датацыяў).

Iнiцыятыва стварэньня прадпрыемства "Экспэрт" у свой час належыла Беларускаму патрыятычнаму саюзу моладзi. Гэта дазваляла прадпрыемству атрымлiваць буйныя дзяржаўныя датацыi. Апошняя зь iх памерам 525 мiльёнаў рублёў спатрэбiлася дзеля стварэньня цэнтру сацыяльнай адаптацыi моладзi.

Але падчас праверкi высьветлiлася, што зараз БПСМ толькi часткова кантралюе дзейнасьць фiрмы, а больш за 20 адсоткаў акцыяў прадпрыемства "Экспэрт" належыць прыватным асобам. Супрацоўнiкi фiнансавай мiлiцыi лiчаць, што кiраўнiк прадпрыемства наўмысна не паведамiў пра гэтыя абставiны ў Фонд сацыяльнай абароны моладзi, бо тады фiрма пазбавiлася б дзяржаўных датацыяў.

Сьледзтва па гэтай справе яшчэ працягваецца, але ўжо вядома, што за грошы, атрыманыя ў якасьцi датацыяў, прадпрыемства "Экспэрт" набыла адмiнiстрацыйны будынак у Берасьцi i будаўнiчыя матэрыялы. Далейшы лёс гэтых матэрыялаў застаецца невядомым.

Тое, што справа набывае сур'ёзнае гучаньне, ускосна пацьвердзiў прэсавы сакратар Камiтэту дзяржаўнага кантролю па Берасьцейскай вобласьцi Сяргей Андраюк:

(Андраюк:) "Праверку гэтую праводзiлi мы. Праводзiлi доўга, бо там вельмi шмат юрыдычнай блытанiны. Лепш браць усе зьвесткi пра гэтую справу ў Менску. Таму што ў Берасьцi ўзбуджаная адна крымiнальная справа, а ў Менску яшчэ чатыры крымiнальныя справы".

Зараз сьледчыя высьвятляюць, хто канкрэтна дапамагаў фiрме "Экспэрт" атрымаць такiя буйныя датацыi зь бюджэту. Адначасова ставiцца пытаньне пра спыненьне дзейнасьцi гэтага прадпрыемства i вяртаньне ягонай маёмасьцi дзяржаве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG