Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГЕЛЬМУТ ФРЫК: "ГАЛОЎНАЕ – ГЭТА ЗГОДА НАРОДУ”


Ул. інф.

12 гадоў таму цяперашні амбасадар у Беларусі, доктар Гельмут Фрык працаваў у дыппрадстаўніцтве ФРН ва Ўсходняй Нямеччыне. Кватэра дыплямата месьцілася непадалёк ад Бэрлінскага муру. У часе ягонага гістарычнага падзеньня спадар Фрык знаходзіўся непасрэдна на муры. Ён лічыць, што пачуцьці, якія перажылі тады некалькі пакаленьняў немцаў (і ня толькі немцаў), бываюць толькі раз у жыцьці.

Пазьней на зьмену эйфарыі да немцаў прыйшлі больш цьвярозыя адчуваньні, выкліканыя эканамічнымі рэаліямі.Сёньня ж, праз 12 гадоў, можна гаварыць пра сапраўднае зрастаньне нямецкага захаду і ўсходу. Пра пасьпяховасьць гэтых працэсаў сьведчаць вынікі апошніх выбараў у Бундэстаг ды тая салідарнасьць насельніцтва, якая назіралася ў часе ліквідацыі наступстваў вялізарнай паводкі.

Ці нагадваюць спадару Фрыку сёньняшнія беларуска-расейскія дачыненьні тую сытуацыю, якая была ў Нямеччыне 12 гадоў таму? На пытаньне карэспандэнта Радыё Свабода, зададзенае ў часе адмысловай прэсавай канфэрэнцыі, нямецкі амбасадар адказаў так:

(Фрык: ) "Галоўнае – гэта згода народу. Як гэта было паміж народамі ФРН і тагачаснай НДР у 1989-1990 годзе... Тады ўвесь народ у Нямеччыне хацеў, каб гэта адбылося. Быў дасягнуты агульны кансэнсус, у якім сумняваліся нямногія. Жаданьне аб'яднацца было падмацаванае свабоднымі выбарамі.

Калі ў Беларусі 90-95% насельніцтва краіны захочуць аб'яднаньня паводле таго варыянту, які прапанаваў Пуцін, то яно адбудзецца. І гэта трэба вызначыць шляхам апытаньня грамадзкай думкі. Гэта пытаньне, якое датычыць сувэрэнітэту абедзьвюх дзяржаваў. Але наколькі я як амбасадар ведаю, то тут такой згоды насельніцтва на аб'яднаньне, як гэта было ў Нямеччыне, не назіраецца.

Аднак палітыка ня ёсьць нейкай статычнай зьявай. Хачу сказаць, што ў любым выпадку мы зь вялікай цікавасьцю назіраем за тым, што адбываецца тут у Беларусі апошнім часам. Канечне, узьнікаюць нейкія паралелі, і не абавязкова нямецкія. Усіх цікавіць, як пойдзе працэс далей".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG