Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РОСТ КОЛЬКАСЬЦІ ВІЧ-ІНФІКАВАНЫХ У 5 НАЙБОЛЬШ НАСЕЛЕНЫХ КРАІНАХ СЬВЕТУ ПАГРАЖАЕ БЯСЬПЕЦЫ ЦЭЛЫХ РЭГІЁНАЎ


Алесь Грыневіч, Прага

Пяць краінаў, у якіх жыве 40% насельніцтва Зямлі – Індыя, Кітай, Нігерыя, Расея і Этыёпія, – у 2010 годзе будуць мець болей ВІЧ-інфікаваных, чым усе астатнія краіны. Паводле амэрыканскіх экспэртаў, якія падрыхтавалі справаздачу для ЦРУ, праз 8 гадоў у гэтых краінах будзе ад 50 да 75 мільёнаў носьбітаў вірусу ВІЧ, які выклікае невылечную хваробу сындром набытага імунадэфіцыту (СНІД).

Такі распаўсюд вірусу можа значна пагоршыць эканамічную, сацыяльную, палітычную і нават вайсковую структуру кожнай зь пяці найбольш населеных краінаў. Да прыкладу, у Расеі кожны трэці прызыўнік можа стацца нягодным да вайсковай службы з прычыны ВІЧ-інфэкцыі ці з прычыны хранічнага гепатыту. Паводле прагнозу, большасьць зь іх інфікуецца праз ужываньне наркотыкаў. Іншыя фактары для распаўсюду СНІДУ ў Расеі – гэта рост прастытуцыі і інфікаваньне зьняволеных, якія часта выходзяць па амністыях і разносяць хваробу далей.

У Кітаі СНІД найбольш распаўсюджваецца з рухам інфікаваных рабочых-мігрантаў, у Этыёпіі да распаўсюду хваробы спрычынілася грамадзянская вайна, пасьля якой інфікаваныя салдаты ды прастытуткі вярнуліся ў родныя мясьціны і разносяць вірус. У Індыі асноўны шлях распаўсюду інфэкцыі – звычайны сэкс паміж мужчынамі й жанчынамі.

Амэрыканскія экспэрты перадалі сваю справаздачу ўрадам пяці дасьледаваных краінаў. Дасьледчыкі кажуць, што пакуль што найбольш працуе, каб стрымаць распаўсюд СНІДУ, урад Нігерыі. Пры гэтым адзначаецца, што Індыя і Кітай яшчэ маюць шанец не дапусьціць эпідэмічных маштабаў хваробы. А вось Нігерыя, Расея ды Этыёпія могуць толькі ўзяць эпідэмію пад кантроль.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG