Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБ’ЯДНАНАЯ РАДА ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ БАЙКАТАВАЛА ПЕРАМОВЫ ЗЬ МЕНГАРВЫКАНКАМАМ


Міхал Стэльмак, Менск

Галоўнай падзеяй дня сталі перамовы прадпрымальнікаў і ўладаў у Менгарвыканкаме. Раніцай ля яго будынку сабраліся сотні сталічных бізнэсоўцаў. Яны прыйшлі падтрымаць сваіх лідэраў. Улады на сустрэчы прадстаўляла менскае начальства на чале зь першым намесьнікам старшыні Менгарвыканкаму Мікалаем Ярохавым. Аднак ужо праз гадзіну прадстаўнікі аб’яднанай рады пакінулі залю перамоваў.

Вось пра што распавёў сваім прыхільнікам адзін зь лідэраў рады Аляксандар Лапотка:

(Лапотка: ) “Ніхто ня пойдзе ні на якія саступкі. Яны сказалі, што іхныя рашэньні прагрэсіўныя. Што яны перадавыя кіраўнікі і дбаюць пра дзяржаўныя інтрэсы. Мы тут ня ўбачылі канкрэтнай канструктыўнай размовы. Таму аб’яднаная рада вырашыла пакінуць гэты дыскусійны клюб. Мы будзем працягваць барацьбу”.

Аднак прадстаўнікі іншых прадпрымальніцкіх структураў адмовіліся байкатаваць перамовы. Пасьля доўгіх дыскусіяў яны абвесьцілі, што ўлады часткова пагадзіліся на кампраміс. У прыватнасьці, вось што паведаміў пра гэта лідэр грамадзкага аб’яднаньня “Прыватная ўласнасьць” Леанід Малахаў:

(Малахаў: ) “Што гэтае паседжаньне вырашыла? Прапанавала ўладальнікам выставаў-кірмашоў стварыць умовы, неабходныя прадпрымальнікам для працы з касавымі апаратамі. Тэрмін — да 2 сьнежня. Гэта той тэрмін, калі прадпрымальнікаў ня будуць штрафаваць. За гэты час прадпрымальнікі мусяць вырашыць, працуюць яны далей ці не. Гэтае пытаньне будзе вырашацца яшчэ на паседжаньні рабочай групы, што будзе працаваць на гэтым тыдні. І Менгарвыканкам заявіў, што такой мэты, як зьнішчэньне дробнага бізнэсу, яны сабе ня ставяць”.

Яшчэ адным вынікам сёньняшніх перамоваў стала адтэрміноўка закрыцьця менскага рынку “Трактар”. Аднак, паводле словаў лідэркі прадпрымальнікаў гэтага рынку Людмілы Вішнеўскай, сёньняшнія дамоўленасьці ня маюць пісьмовых гарантыяў. Таму, паводле яе, заўтра гандляры зьбіраюцца прадоўжыць акцыю пратэсту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG