Партугалія — ня самая багатая краіна Заходняй Эўропы. Аднак, сотні тысяч людзей зь бедных рэгіёнаў сьвету гатовыя тут працаваць без выходных за заробкі ў тры разы меншыя, чым іх маюць мясцовыя жыхары. Старшыня аднаго з будаўнічых каапэратываў у Менску Барыс Дубоўскі вярнуўся на радзіму акурат напярэдадні “паляваньня” на нелегалаў, што распачала партугальская паліцыя. І ён не зайздросьціць тым, хто на ўласную рызыку там застаўся.
(Дубоўскі: ) “Многія прыехалі задоўга да легалізацыі. Падпольна працуюць па 4–5 гадоў. Зрэшты, легалізацыю там чакалі, да гэтага Партугалія рыхтавалася, ва ўрадзе нічога не хавалі, і ў студзені легалізацыю ўзаконілі. Адразу зьявілася мноства беспрацоўных. У Лісабоне адбываюцца страйкі, бо ў прамысловасьці скарацілі 10 тысяч партугальцаў. На плякатах найперш патрабаваньні выкінуць не бразыльцаў ці афрыканцаў, а менавіта нас, людзей з СНД. Паводле іхнай статыстыкі, Украіна займае другое месца пасьля Бразыліі ў справе прыезду людзей на заробкі. Потым ідуць расейцы і малдаване”.
Беларусы таксама трапляюць у незайздросныя сытуацыі. Нават яшчэ па дарозе да Партугаліі.
(Дубоўскі: ) “Многія давяраюць, паколькі едуць з мэтай зарабіць. У фірмах пераконваюць — маўляў, ня бойцеся, і людзі едуць. Хтосьці пастфактум адчуў, што патрапіў на вуду, але ўзяў сябе ў рукі, не разгубіўся, ператрываў, дзесьці мову падвучыў і ўрэшце выплыў. Але калі ўжо прыяжджаюць бяз грошай, абабраныя... У Нямеччыне рэкет аўтобусы рэгулярна спыняе. Я выклікаў хлопцаў, дык у Гішпаніі выкінулі, распранулі.
Так, няхай быццам усё дамоўлена, але пашпарт нікому даваць нельга. Пашпарт аддаў — гэта ўсё. А калі справа тычыцца жанчын (рэальна ведаю, бачыў), робяць прастытуткамі: нікуды яны не зьбягуць, куды патрэбна, туды іх і возяць. Так што маладым дзяўчатам ня раіў бы...”
У сярэднім нелегалы з СНД зарабляюць каля 500 даляраў. І толькі тыя, хто трапіць у фірмы, што будуюць на ўзьбярэжжы акіяну супэрмаркеты, могуць зарабіць за месяц да тысячы даляраў. Але працуюць яны на тых будоўлях па 12–14 гадзінаў у звычайныя дні і па 8 гадзінаў у выходныя. Між тым Барыс Дубоўскі мяркуе, што колькасьць нелегальных працаўнікоў наўрад ці зьменшыцца, бо ў захаваньні падпольнай і таннай працы мігрантаў зацікаўленыя перадусім кіраўнікі мясцовых фірмаў.
(Дубоўскі: ) “Не легалізуюць сьвядома, парушаючы ўсе законы. За гэта найперш яны нясуць адказнасьць, і штрафуюць іх моцна. Але калі яны працаўладкоўваюць нелегалаў, дык ня плацяць падаткаў. Тут у іх свае парадкі. Але як грошы зарабляць, як ад падаткаў хавацца — усяму гэтаму іх навучылі тыя, хто прыяжджаюць з СНД”.
За год у Партугаліі спадар Дубоўскі зрабіў выснову, што гэта ня тая краіна, дзе можна хутка разбагацець. Таму, перш чым адгукнуцца на авантурныя запрашэньні, неабходна ацаніць прапановы на ўласным рынку.
(Дубоўскі: ) “Калі ў нас працаваць на будоўлі ды яшчэ ёсьць магчымасьць працаваць звыш нормы (і фірма будзе плаціць), то, натуральна, лепей дома”.
Тым часам, з Партугаліі прыходзяць паведамленьні, што бразыльскія, расейскія, афрыканскія самалёты амаль штодня выпраўляюцца назад з краіны ці не з бальшынёй пасажыраў, якія спадзяваліся знайсьці працу на Пірэнэях.