Кіраўніцтва навучальнай установы тлумачыць сваё рашэньне невыкананьнем спадарам Пузынем службовых абавязкаў. У сваю чаргу майстар заяўляе, што яго перасьледуюць за актыўнасьць у справе нацыянальнага адраджэньня.
Пра тое, што майстэрню патрабуюць вызваліць сёньня, спадар Пузыня даведаўся толькі ўчора пры канцы дня, калі яму прапанавалі пазнаёміцца з адмысловым распараджэньнем. У дакумэнце гаварылася, што гэта зьвязана з вострай патрэбаю ўнівэрсытэту ў вольных памяшканьнях.
Аднак паводле дэкана факультэту мастацкай творчасьці Мікалая Каралькова, які ў адпаведнасьці з загадам кіраўніцтва рыхтаваў дакумэнт, гэта зьвязана з тым, што Ўладзімер Пузыня не выконвае сваіх службовых абавязкаў. Гаворыць Мікалай Каралькоў:
(Каралькоў: ) “У ягоныя абавязкі ўваходзіла рамантаваць і рэстаўраваць інструмэнты, але ён не займаўся ні тым ні другім. Была такая дамова, што ён штогод будзе рабіць для ўнівэрсытэту музычны інструмэнт. Ніводнага ўнівэрсытэт не дачакаўся. Словам, ён не выконваў дамовы”.
Уладзімер Пузыня з гэтымі заявамі катэгарычна ня згодны. А ў пацьверджаньне сваёй плённай працы прадэманстраваў апошні з адроджаных ім народных інструмэнтаў — хорум, зроблены паводле старажытных гравюраў.
Паводле майстра, спробы закрыць майстэрню-музэй, якую называюць яшчэ “Беларускай хаткай” і ў якой пабывалі многія знакамітыя людзі, былі й раней. Акрамя таго, яму прапаноўвалі зволіцца добраахвотна, а калі музыка адмовіўся, то ад верасьня яго пазбавілі гадзінаў выкладаньня тэорыі й практыкі вырабу народных інструмэнтаў, а пасаду майстра-рэстаўратара скасавалі да паловы стаўкі.
Уладзімер Пузыня перакананы, што гэткім чынам улада перасьледуе яго за прапаганду беларускай культуры й ідэяў нацыянальнага адраджэньня.
(Пузыня: ) “Абураюць адносіны: як у душу плюнулі. Я не заслугоўваю такога ціску. Пэўна, ня ўмею прыстасоўвацца. Гэта адбываецца таму, што я беларус, толькі на гэтай падставе”.
24 сьнежня “Беларускай хатцы” Ўладзімера Пузыні спаўняецца 20 гадоў. Аднак сьвяткаваць юбілей няма дзе, бо кіраўніцтва ўнівэрсытэту заяўляе, што рашэньне канчатковае, а іншага памяшканьня для ўнікальных экспанатаў музэю ў майстра няма.