Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УСІХ УДЗЕЛЬНІКАЎ МІТЫНГУ Ў АБАРОНУ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ ПАКАРАЛІ АРЫШТАМІ НА 3 СУТАК


Альгерд Невяроўскі, Менск

Затрыманыя 29 верасьня пасьля заканчэньня мітынгу ў парку Янкі Купалы, Валер Буйвал і Кастусь Кашэль двое сутак да суду правялі ў спэцпрыёмніку. Іхныя затрыманыя калегі Юрась Беленькі, Зьдзіслаў Абрэмскі й Уладзімер Плотнікаў былі пакараныя трохсутачнымі арыштамі яшчэ ўчора. Судзьдзя Натальля Вайцяховіч прызнала іх вінаватымі ва ўдзеле ў не дазволенай уладамі акцыі.

Сёньня ж дайшла чарга да спадароў Буйвала й Кашаля. Абодва яны заявілі судзьдзі пратэст з тае нагоды, што на працэс не была запрошаная адвакатка Вера Страмкоўская. Гаворыць Валер Буйвал:

(Буйвал: ) “Ужо ўсім зразумела паводле гэтых працэсаў, а таксама агульнапалітычных працэсаў у нашай краіне, што заявы Лукашэнкі пра ягоную абарону сувэрэнітэту Беларусі ёсьць хлусьлівай рыторыкай. Гэтыя рэпрэсіі ўжытыя супраць сапраўдных абаронцаў незалежнасьці ёсьць якраз сутнасьцю гэтага прамаскоўскага рэжыму, які ў любы момант гатовы здаць нашую Бацькаўшчыну ў маскоўскі палон”.

Суды над спадарамі Кашэлем і Буйвалам працягваліся ня больш за 20 хвілінаў. Судзьдзя Вайцяховіч заслухала сьведак міліцыянтаў, прачытала іхныя рапарты і адразу ж абвесьціла рашэньні — абодва актывісты КХП БНФ пакараныя трохсутачным адміністратыўным арыштам.

Кастусь Кашэль так пракамэнтаваў рашэньне судзьдзі:

(Кашэль: ) “Беларуса на ягонай зямлі тварам у бруд тыцнулі й кажуць, каб ён аблізваўся. Я не хачу аблізвацца”.

(Буйвал: ) “Гэта не судовае рашэньне — гэта ёсьць традыцыйнае судзілішча. Той самы савецкі суд. Справа нават не ў маёй асобе, а ў тым, што гэта ёсьць маленькі фрагмэнт той шырокай мазаікі беззаконьня, якое разгарнулася й дзейнічае на працягу шэрагу гадоў у нашай краіне”.

Асуджаныя актывісты КХП БНФ паведамілі, што ўсіх іх у прыёмніку трымаюць у адной камэры, і ўмовы ўтрыманьня здавальняючыя. Спадары Буйвал, Беленькі, Кашэль, Плотнікаў і Абрэмскі выйдуць на волю заўтра апоўдні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG