Сёньня ў чэргах у менскім мэтро людзі абураліся чарговым падвышэньнем цаны на праезд:
(Спадарыня: ) “Хай гэтак сама падвышаюць нам пэнсіі”.
(Другая спадарыня: ) “Тым больш, што ўмовы застаюцца ранейшымі, і транспарт дрэнна ходзіць”.
(Спадар: ) “Цэны растуць ня толькі на транспарт, на ўсё астатняе. Падвышэньне заробку не кампэнсуе выдаткі на траспарт ды іншае. З кожным падвышэньнем заробку мы жывем усё горш і горш”.
Зь сёньняшняга дня квіток на праезд у грамадзкім транспарце каштуе 180 рублёў замест 150. Сёлета гэта ўжо трэцяе падвышэньне. Апошні раз цану на праезд паднімалі ўсяго два месяцы таму, у жніўні. Усяго ж плата за праезд павялічылася сёлета больш чым удвая.
Ад 1 кастрычніка зноў вырасьлі й тарыфы на жыльлёва-камунальныя паслугі. Гэтым разам нязначна — на 3,3%. Але ж з пачатку году плата за кватэру павялічылася больш чым у пяць разоў. Для параўнаньня — за ўвесь 2001 год яна вырасла толькі на 38%.
У кастрычніку з чарговымі праблемамі сутыкнулася й недзяржаўная прэса. З чацьвертага кварталу аб’яднаньне “Белпошта” павялічыла тарыфы на распаўсюд газэтаў на 38%. Як паведамілі Радыё Свабода ў Міністэрстве інфармацыі, новыя тарыфы ня будуць тычыцца дзяржаўных выданьняў. Гаворыць прадстаўніца Міністэрства інфармацыі Галіна Гусакова:
(Гусакова: ) “Была нарада, і вызначылі, што на чацьверты квартал тарыфы для гэтых выданьняў ня будуць падвышаныя. Зараз вырашаецца пытаньне зь вяртаньнем залішне ўзятых грошай. У сувязі з тым, што ў іх заснавальнікі — дзяржаўныя структуры, яны й датуюцца зь дзяржбюджэту. Зараз ідзе рост усіх коштаў. Зразумела, у “Белпошты” растуць выдаткі, таму яна павялічвае тарыфы. Зразумела, што мы, як дзяржаўная структура, можам займацца толькі дзяржаўнымі выданьнямі. Мы можам падтрымаць толькі тыя выданьні, якія датуюцца зь дзяржбюджэту”.
А кіраўнік Цэнтру прававой абароны СМІ Беларускай асацыяцыі журналістаў Міхаіл Пастухоў мяркуе, што дадзеная сытуацыя сьведчыць пра грубае парушэньне дзейнага заканадаўства.
(Пастухоў: ) “Канстытуцыя забясьпечвае роўныя магчымасьці для прадпрыемстваў розных формаў уласнасьці. Калі будзе нанесены такі моцны ўдар, то недзяржаўная прэса ўвогуле можа стаць непрыбытковай. А гэта — адна з падставаў, каб пры канцы году выставіць абвінавачаньне газэтам, як бізнэс-структурам, у тым, што яны парушаюць гаспадарчае заканадаўства на падставе сумнавядомага дэкрэту прэзыдэнта №22. Там зазначана, што адной з падставаў для ліквідацыі суб’екту гаспадараньня ёсьць тое, што той працуе без прыбытку. Дык вось, тады ўсім недзяржаўным сродкам масавай інфармацыі можна будзе пры канцы году выставіць такое абвінавачаньне”.