Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАГО ХОЧУЦЬ УДЗЕЛЬНІКІ АКЦЫІ “ПАЎСТАНЬ, УКРАІНА!”


Валер Каліноўскі, Менск

Усе апошнія дні на пляцоўку перад Вярхоўнай Радай у Кіеве прыходзіць беспрацоўная Аляксандра Паўлоўская. Нягледзячы на пачатак палітычнага зацішша, асабіста яна мяркуе змагацца далей, ісьці да канца.

(Паўлоўская: ) “Я жанчына, і, як Украіна, таксама незалежная, самастойная і лічу сябе дэмакраткай. Але гэта толькі па Канстытуцыі. Але цяпер я, гэтая дэмакратычная жанчына, жыву ў галечы. І маю вялікую настальгію па Савецкім Саюзе”.

Спадарыня Паўлоўская паведаміла , што цяпер яна жыве з таго, чым дапамагаюць яе састарэлыя бацькі. Яе нявестка таксама беспрацоўная. Аляксадра Паўлоўская памятае, што ў яе ёсьць і беларускія карані.

(Паўлоўская: ) “У мяне няма часам нават грошай на праезд. Але я гатовая галадаць, каб толькі зьмяніць гэтую злачынную ўладу. І мне вельмі сымпатычная вашая Беларусь”.

Спадарыня Паўлоўская ўпэўненая, што ва Ўкраіне значна горш, чым у Беларусі. Але так мяркуюць далёка ня ўсе ў Кіеве. Намесьнік прэзыдэнта асацыяцыі фэрмэраў Украіны Рыгор Качурак, адказвае на пытаньне, ці сапраўды ў Беларусі лепш, чым ва Ўкраіне:

(Качурак: ) “Думаю, што не. Вы стаіце ў самым цэнтры Кіева і чуеце розныя думкі, свабода слова ёсьць. А калі можна штосьці адкрыта гаварыць, значыць можна чагосці дабівацца. Усё залежыць ад нас”.

Як і ягоная апанэнтка, ён падтрымлівае мэты Ўсеўкраінскай акцыі “Паўстань, Украіна!” Удзельнікі гэтай акцыі вылучылі галоўнае патрабаваньне – адстаўка прэзыдэнта Леаніда Кучмы. Пад сьцягамі гэтай доўгатэрміновай акцыі аб’ядналіся зусім розныя, нават антаганістычныя сілы: і камуністы, і нацыяналісты, і папулісты.

Прэзыдэнт Леанід Кучма тым часам наведвае рэгіёны, узмацняе сваю вэртыкаль, дэманструе цьвёрдасьць і адмаўляецца сыходзіць у адстаўку. Лідэры апазыцыі Аляксандар Мароз, Пятро Сіманенка, Юлія Цімашэнка, якія ўжо захоплівалі будынак адміністрацыі, дзяржаўнае тэлебачаньне, зьбіралі шматтысячныя мітынгі, пакуль у разгубленасьці, але шукаюць новыя формы ціску на кіраўніка дзяржавы. Дажджлівае надвор’е і пэўная разгубленасьць прыпынілі іх акцыю – на гэтыя выходныя ніхто ў Кіеве ўжо ня ладзіў антыпрэзыдэнцкіх мітынгаў. Але людзі на плошчах ёсьць.

Чым павінна скончыцца процістаяньне? Адказвае прадстаўнік КПУ у Вярхоўнай Радзе Ўладзімер Матвееў:

(Матвееў: ) “У цывілізаваным грамадзтве гэта павінна было скончыцца адстаўкай прэзыдэнта. Тое, што натварыў прэзыдэнт Украіны, можа скончыцца толькі гэтым, ён адказны за падзеньне ўзроўню жыцьця, развал эканомікі, фінансавай сыстэмы... Але я думаю, што ў прэзыдэнта ня хопіць сумленьня сысьці ў адстаўку”.

Паводле словаў Уладзімера Матвеева, апазыцыя супраць ужываньня сілы і будзе працягваць проста ўгаворваць Кучму сысьці ў адстаўку.

У такіх жа грахах абвінавачвае дзейнага прэзыдэнта Ўкраіны і прадстаўнік Кангрэсу ўкраінскіх нацыяналістаў Яўген Гірнык. На ягоную думку, у грамадзтве сапраўды пачаліся зрухі, якія будуць прыводзіць да новых акцыяў і процістаяньня – да таго часу, пакуль гэтыя зьмены не адбудуцца і прэзыдэнт не пакіне пасаду:

(Гірнык: ) “Мне падаецца, што калі ён ня пойдзе на гэта, то наступным разам выйдзе ня сто, ня 200 тысячаў, а выйдзе мільён, і яго прымусяць, і гэта будзе горшы варыянт і для яго, і для дзяржавы”.

Яўген Гірнык прыгадаў, што ў 1994 годзе ў аналягічных умовах пайшоў у адстаўку Леанід Краўчук. Ацэньваючы цяпер гэты крок, спадар Краўчук лічыць, што зрабіў правільна, каб зьберагчы дэмакратыю.

На самой справе Леанід Кучма стаўся вельмі непапулярным лідэрам. Паводле апошняга апытаньня, праведзенага Фондам “Дэмакратычная ініцыятыва”, калі б Леанід Кучма падаў у адстаўку, гэты крок падтрымалі б 72% рэспандэнтаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG