Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГРАМАДЗЯНЕ ГРУЗІІ ТРАПЛЯЮЦЬ У РАСЕЮ БЯЗЬ ВІЗЫ З ДАПАМОГАЙ “БЕЛАВІЯ” Й БЕЛАРУСКАЙ ЧЫГУНКІ


Юры Сьвірко, Менск

Кожны панядзелак раніцай у аэрапорце “Менск-2” прызямляецца самалёт “Белавія”, які ляціць з Ташкенту з пасадкай у Тбілісі. Сёньня я прыехаў у гэты аэрапорт, каб праверыць інфармацыю пра незаконны транзыт грамадзянаў Грузіі ў Расею празь Беларусь з дапамогай менавіта гэтага рэйсу.

Калі крыху пастаяць сярод тых, хто сустракае гасьцей з Узбэкістану й Грузіі, можна пачуць шмат цікавага пра візы, межы й пашпарты. З размовы, якую я запісаў у залі прылётаў аэрапорту “Менск-2”, можна было зразумець, што маршрут Грузія–Беларусь–Расея карыстаецца ў Тбілісі папулярнасьцю:

(Суразмоўца: ) “Казлы толькі грошы плацяць. Навошта віза, калі можна ў Менск паляцець. А зь візай — столькі марокі”.

Гэты ж самы чалавек выявіў сябе надта кампэтэнтым у візавых і дыпляматычных справах:

(Суразмоўца: ) “Цяпер вось Беларусь зьбіраецца адкрываць амбасаду ў Грузіі. 10 кастрычніка парлямэнцкая дэлегацыя Беларусі едзе ў Грузію”.

А сёньня ў Менск з Тбілісі прыляцела цэлая каманда для ўдзелу ў чэмпіянаце па вольнай барацьбе сярод юнакоў, таму бальшыню складалі легальныя пасажыры. Спартоўцы ехаць з Масквы ў Менск не зьбіраліся, чаго нельга сказаць пра некаторых іншых грамадзян Грузіі. Прайшоўшы мытны кантроль, яны ўголас абмяркоўвалі, як найхутчэй трапіць у Маскву. Я адчуў сябе, нібы ў маскоўскім аэрапорце “Шарамецьева”, а не за межамі Расеі.

Адметна, што афіцыйны Менск на словах падтрымлівае Расею ды абвінавачвае Грузію ў сувязях з тэрарыстамі. Рэагуючы на апошнюю рэзалюцыю ПАРЭ пра Беларусь, беларускае МЗС заявіла, цытую: “Кажучы пра дэфіцыт дэмакратыі ў Беларусі, Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы сьвядома заплюшчвае вочы на сытуацыю ў шэрагу дзяржаваў-сяброў Рады Эўропы, дзе дэмакратычныя эўрапейскія стандарты цалкам адсутнічаюць, дзе заахвочваецца тэрарызм і даецца прытулак для тэрарыстаў”. Відавочна, што ў заяве беларускага МЗС мелася на ўвазе менавіта Грузія.

У пятніцу, 27 верасьня, у МЗС Расеі выклікалі амбасадара Грузіі ў Маскве спадара Абашыдзэ, якому, кажучы дыпляматычнай мовай, “зрабілі рашучае прадстаўленьне” ў зьвязку з заявамі грузінскіх афіцыйных асобаў пра тое, што Грузія мэтанакіравана пазбаўляецца незаконных узброеных фармаваньняў ды не перашкаджае іхнаму вяртаньню ў Расею.

А ў Беларусі адкрыты зялёны калідор на расейскую тэрыторыю для любых грамадзянаў з пашпартамі Грузіі, расейскія візы ў якіх ніхто ў менскім аэрапорце не правярае.

Вось што сказаў мне сёньня прэсавы сакратар МЗС Беларусі Павал Латушка:

(Латушка: ) “Беларусь ня мае візавых стасункаў з Грузіяй. І ў найбліжэйшых плянах гэта не стаіць”.

(Карэспандэнт: ) “І з Расеяй гэта не ўзгаднялася?”

(Латушка: ) “У нас узгадняюцца замежнапалітычныя падыходы Беларусі й Расеі адпаведна з праграмай узгодненых дзеяньняў у галіне замежнае палітыкі”.

Тым часам даходзіць да таго, што некаторыя з грузінскіх пасажыраў нават у беларускай мытнай дэклярацыі пішуць, што едуць транзытам у Расею. Гэта засьведчыла мая размова з мытнікам, які сёньня кантраляваў рэйс “Белавія” з Тбілісі. На пытаньне, ці напісаў хто-небудзь з грузінаў, што едзе ў Расею, ён адказаў гэтак:

(Мытнік: ) “У Расею? Так. Быў адзін чалавек у мяне”.

(Карэспандэнт: ) “Віза расейская была? Ці вы не правяраеце?”

(Мытнік: ) “Не правяраем”.

Памежныя войскі Беларусі таксама ня маюць права забараніць уезд грамадзян Грузіі на тэрыторыю гэтак званай саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі, хаця памежнікі й называюць сытуацыю абсурднай: беларуска-расейская мяжа не кантралюецца, Расея мае візавы рэжым з Грузіяй, а Беларусь — не.

Калі нейкі грузін ня мае часу атрымліваць расейскую візу ў амбасадзе Расеі ў Тбілісі або яму з пэўных прычынаў яе не даюць, ён можа вельмі проста абмінуць гэтую перашкоду — былі б грошы. Прыляцець з Тбілісі ў Менск для грамадзяніна Грузіі каштуе дзьве сотні даляраў, паведамілі ў тэлефоннай даведкавай службе.

У расейскім Міністэрстве замежных справаў са зьдзіўленьнем даведаліся ад мяне, што ўвогуле існуе авіярэйс Тбілісі–Менск. У Маскве паабяцалі вывучыць сытуацыю ды, калі будзе трэба, зрабіць пэўныя захады. Але ў тэлефоннай размове супрацоўнік МЗС Расеі выказаўся пра Беларусь даволі шчыра: “Ну й саюзьнічак!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG