Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЕНСКІ ГАРСУД АДМОВІЎСЯ ПРЫЗНАЦЬ ПАМЕРЛЫМ ЮРЫЯ ЗАХАРАНКУ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Менскі гарадзкі суд адмовіўся мяняць рашэньне Кастрычніцкага раённага суду, які не задаволіў хадайніцтва аб прызнаньні нябожчыкам зьніклага больш за тры гады таму Юрыя Захаранкі. Судзьдзі, якім даручылі касацыйны разгляд справы, пагадзіліся, што з задавальненьнем хадайніцтва сваякоў Захаранкі варта пачакаць да таго моманту, пакуль будзе завершанае расьсьледаваньне зьнікненьня.

Праваабаронца Алег Воўчак, які ў судзе прадстаўляў інтарэсы сям’і Захаранкаў, не пагаджаецца з гарадзкімі судзьдзямі.

(Воўчак: ) “Гэта абсурднае рашэньне, бо ёсьць закон, у якім зразумела напісана, што праз тры гады пры выкананьні пэўнай працэдуры зьніклага чалавека магчыма прызнаць памерлым незалежна ад таго, скончанае ці працягваецца расьсьледаваньне. Зноў бачна, што гэта справа палітычная. Улады не жадаюць, каб на ўвесь сьвет прагучала, што Захаранка памёр. Сёньняшняе становішча, калі ён знаходзіцца быццам паміж небам і зямлёй, стварае велізарныя праблемы ягоным сваякам. Таму наўрад ці пасьля гэтага рашэньня наш суд магчыма назваць гуманным, справядлівым і законным”.

Абскарджваць гэтае рашэньне праваабаронца Воўчак ня лічыць патрэбным, бо перакананы ў тым, што яно застанецца нязьменным.

Нагадаем, былы міністар унутраных справаў, адзін зь лідэраў апазыцыі Юры Захаранка зьнік яшчэ ў траўні 1999 году. Гарадзкая пракуратура пакуль не знайшла ні яго, ні тых, хто яго скраў. Паўтара году таму сям’я Захаранкаў зьехала ў Нямеччыну і цяпер жыве ў Бэрліне. Жонка Юрыя Захаранкі і дзьве ягоныя дачкі заяўляюць, што апасаюцца вяртацца на радзіму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG