Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГОМЕЛЬСКІЯ ЎЛАДЫ СУСТРЭЛІСЯ З ПРАДСТАЎНІКАМІ АПАЗЫЦЫІ


Казімер Яноўскі, Гомель

На сыходзе трэцяй гадзіны сустрэчы ў аблвыканкаме намесьнік кіраўніка абласнога аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы” Ўладзімер Кацора заявіў, што не разумее, у чым заключаецца ўдзел у сустрэчы мясцовых лідэраў палітычных партыяў і арганізацыяў. Пра эканамічныя і фінансавыя цяжкасьці рэгіёну, аб чым гаварылі дзьве з паловаю гадзіны чыноўнікі аблвыканкаму, можна збольшага даведацца са справаздачаў у афіцыйнай газэце “Гомельская праўда”. Такога ж дыялёгу і паразуменьня ўлады і партыяў, як у Нямеччыне, на што спасылалася ініцыятар сустрэчы, намесьніца старшыні аблвыканкаму Раіса Ціханская, няма і блізка. Для гэтага павінна быць іншай сыстэма выбараў, адносіны да палітычных інстытуцыяў.

І тут, падаецца, выявілася сапраўдная мэта сустрэчы. Спадарыня Ціханская ўрэше рэшт заявіла наступнае: “Вы павінны інфармаваць людзей, што робіць улада для іх”.

Наконт карыснасьці сустрэчы прадстаўнік Партыі працы і справядлівасьці Яўфім Храпуноў заявіў наступнае:

(Храпуноў: ) “Я лічу, што гэта страта часу”.

Старшыня абласной арганізацыі партыі БНФ Віктар Раманішка так падсумаваў вынік сёньняшняга ўяўнага дыялёгу з уладнымі чыноўнікамі:

(Раманішка: ) “Відавочна, што людзі як бы ня хочуць мяняцца, а хочуць падфарбаваць фасад”.

Раіса Ціханская адмовілася паведаміць, як аблвыканкам зьбіраецца выконваць патрабаваньне Аляксандра Лукашэнкі адносна прывілеяў для ляяльнай яму Камуністычнай партыі. Не ўсе яе шараговыя прадстаўнікі ведаюць пра ўстаноўку забяспечваць яе бясплатнымі памяшканьнямі. Аднак сябра Мазырскай арганізацыі КПБ спадар Гайдукоў, які таксама браў удзел ў сустрэчы, паведаміў на гэты конт:

(Гайдукоў: ) “Зараз разглядаем магчымасьці і выходзім з прапановамі. Памяшканьне павінна быць у партыі”.

Як можна будзе забясьпечваць дыялёг ва ўмовах няроўнасьці партыяў, застаецца вялікай загадкай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG