Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТАРЫХ ДОБРЫХ РЭЙТЫНГАЎ ЗА 50% У ЛУКАШЭНКІ ЎЖО НЯ БУДЗЕ


Віталь Цыганкоў, Менск

Удзельнікі: галоўны рэдактар Інтэрнэт-праекту “Беларускія навіны” Аляксандар Класкоўскі й палітоляг Уладзімер Падгол

(Віталь Цыганкоў: ) “Напэўна, беларускія палітолягі ды аналітыкі з асаблівым нецярпеньнем чакалі чарговых вынікаў сацыялягічных апытаньняў Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных ды палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД).

Рэч у тым, што падчас папярэдняга дасьледаваньня, праведзенага ў красавіку, рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі ўпершыню за восем гадоў упаў са звычайных для яго 40–45 да 30%. І вось палітыкі ды аналітыкі чакалі, ці пацьвердзяць чарговыя апытаньні гэтую тэндэнцыю.

Як высьветлілася, пацьвердзілі — у верасьні за Лукашэнку гатовыя былі галасаваць яшчэ менш апытаных, 27%. На вашую думку, наколькі трывалая гэтая тэндэнцыя — ці можна, па-вашым, ужо гаварыць пра пэўныя глыбінныя зьмены ў стаўленьні беларускага электарату да кіраўніка дзяржавы? У красавіку падзеньне рэйтынгу Лукашэнкі многія тлумачылі заканамерным расчараваньнем электарату пасьля выбараў. Цяпер высьветляецца, што гэта, магчыма, больш трывалая зьява. Ці мае шанцы Аляксандар Лукашэнка нешта зрабіць, каб узьняць свой рэйтынг?”

(Аляксандар Класкоўскі: ) “Я лічу, што, безумоўна, гэтая лічба адлюстроўвае той факт, што ў цяперашняга рэжыму вычэрпваюцца рэсурсы — эканамічныя, прапагандысцкія. І ўжо тых добрых старых для гэтай улады часоў, калі рэйтынг прэзыдэнта сягаў за 50%, напэўна ня будзе.

Але зь іншага боку, малаверагодна, што, як прагназуюць дасьледчыкі НІСЭПД, ужо наступнай вясной будзе 15% — крытычная мяжа для любога правіцеля. Я думаю, рэжым цяпер будзе рабіць усё магчымае, каб утрымаць рэйтынг і хаця б трохі яго падвысіць.

Што да мэтадаў... На нейкія эканамічныя захады — няма ўжо рэсурсаў у рамках існай сыстэмы. Аднак прапагандысцкім шляхам можна шмат што зрабіць. Вось глядзіце — гэтыя культавыя сто даляраў. Нават адмыслоўцы не разабраліся — былі яны альбо не, аднак у масавую сьвядомасьць убілі тэзу, што Лукашэнка зрабіў заробак сто даляраў”.

(Цыганкоў: ) “Здаецца, адзіны шанец для Аляксандра Лукашэнкі зрабіць нешта радыкальнае — правесьці новы рэфэрэндум. І напэўна адзіныя пытаньні, якія могуць узьняць ягоны рэйтынг, — інтэграцыйныя. Якія шанцы ў Лукашэнкі ўзьняць свой рэйтынг? У любым выпадку, зразумела, што ён ня будзе пасіўна назіраць, як ягоны рэйтынг падае”.

(Уладзімер Падгол: ) “Сучасныя інфармацыйныя тэхналёгіі, “тэлескрыня” валодаюць неабмежаванымі мажлівасьцямі ўздыму альбо абвалу рэйтынгу.

Учора па БТ паказалі, як Лукашэнка запытаў у генэральнага пракурора Шэймана, ці ёсьць карупцыя ў эшалёнах улады. Той адказаў, што пракуратура вядзе справу пра 200 чыноўнікаў і кіраўнікоў прадпрыемстваў сярэдняга ўзроўню. Ці вы ўяўляеце, якое антыкарупцыйнае шоў яны могуць наладзіць у пэўны момант? Пад гэтай маркай можна і свабодалюбных кіраўнікоў і чыноўнікаў “выразаць”.

(Цыганкоў: ) “Пытаньне ў тым, наколькі гэта можа ўзьняць рэйтынг, ці можна двойчы ўвайсьці ў адну раку? Ці можа электарат аднавіць сваю любоў да кіраўніка дзяржаваў пасьля гэтых дакладаў?”

(Падгол: ) “Я лічу, што сацыяльная роўнасьць, сацыялістычныя настроі ў беларускай сьвядомасьці вельмі грунтоўныя. І гэта цудоўная глеба для ўзьняцьця рэйтынгу.

У Лукашэнкі ёсьць яшчэ варыянты — тое, што вы казалі пра рэфэрэндум. Расейская Дзярждума блякавала рэфэрэндум камуністаў, а Лукашэнка можа правесьці тут рэфэрэндум па гэтых камуністычных пытаньнях. Пры гэтым ён можа паставіць гэтыя пытаньні наступным чынам: “Ці падтрымліваеце вы (далей пералічваюцца гэтыя фармулёўкі пра формы ўласнасьці на зямлю, нетры, энэрганосьбіты) у саюзнай дзяржаве?”

(Цыганкоў: ) “Як апазыцыя павінная выкарыстоўваць гэты шанец, які ўзьнікае ў выніку падзеньня рэйтынгу Лукашэнкі? Ці гэта павінныя быць масавыя акцыі альбо варта патрабаваць нейкіх перамоваў з уладамі? Ці трэба абмежавацца тактычнымі мэтамі (напрыклад, мясцовымі выбарамі) альбо пачаць стратэгічную кампанію (напрыклад, як ва Ўкраіне) па адхіленьні Лукашэнкі ад улады?”

(Класкоўскі: ) “Натуральна, патрэбная новая стратэгія, але на сёньняшні дзень, як ні прыкра, ня бачна ўвогуле ніякай стратэгіі ў апазыцыі. Я зусім ня ўпэўнены, што гэтую кан’юнктуру яна здолее неяк асэнсавана выкарыстаць.

Паглядіце — зараз на шчыт уздымаецца акцыя 17 лістапада, але лёзунгі даволі невыразныя. Незразумела — “за незалежнасьць”, дык быццам зараз і прэзыдэнт за незалежнасьць. А тлумачыць, што ёсьць дзьве розныя незалежнасьці — гэта вельмі складана для масавай сьвядомасьці. Карацей, сытуацыя такая, што апазыцыя дзейнічае па інэрцыі.

Цяпер у гэтых варунках узрастае цана месца ў мясцовых саветах. Гэта будзе жорстая барацьба, а апазыцыя не гатовая, адзінай кааліцыі няма. Ідуць нейкія сэмінары, і нават яны пераносяцца. Існуе нейкі броўнаўскі рух і ня болей. Як ні прыкра, але няма надзеі, што апазыцыя асэнсуе і здолее выпрацаваць такую прадуманую стратэгію адхіленьня”.

(Падгол: ) “Я ня згодны з маім суразмоўцам і лічу, што цяпер апазыцыя атрымлівае калясальны шанец. Найперш, гэта дзеяньні асобаў, лідэраў. Зараз кожны зь іх (і Вячорка, і Лябедзька, Лявонаў, Марыніч) маюць свой шанец. Напрыклад, для БНФ — здавалася б, і пісьменьнікі перамаглі, і Лукашэнка ў тэатры “Вітаўта” паглядзеў. Але і тут можна націснуць. І за беларускамоўныя школы, якія даюць сапраўдную беларускую культуру, а ня гэтую расейскую папсу, крымінальшчыну і гэтак далей.

Той жа Лявонаў — што ж ты сядзіш, маўчыш зараз? Не выплачваюць заробак у сельскай гаспадарцы, не выплачваюць за цялят, за малако. Унікальны шанец — паезьдзіце па вёсках, зьбірайце подпісы, дзяўбіце па сьвядомасьці гэтых людзей.

Такім чынам, калі падае рэйтынг прэзыдэнта, лідэры апазыцыі мусяць ажывіцца і кожны на сваёй дзялянцы патрабаваць ад Лукашэнкі нейкіх крокаў і ўскручваць свой рэйтынг. За імі выбар! Так, гэта страшна, гэта, магчыма, лёс Ганчара, лёс Захаранкі. Так, узьняцца і падставіцца. Аднак альтэрнатыва — сядзець і чакаць, калі гэты рэйтынг зусім абваліцца”.

(Цыганкоў: ) “Незразумела, ці ведаў Аляксандар Лукашэнка пра вынікі сацыялягічных апытаньняў, калі рабіў сваю ўжо знакамітую заяву пра тое, што ён можа пайсьці на рэфэрэндум, каб адмяніць палажэньне Канстытуцыі, якое забараняе яму балятавацца на прэзыдэнцкіх выбарах трэці раз.

Паводле НІСЭПД, сёньня такую зьмену Канстытуцыі гатовыя падтрымаць толькі 15,5% апытаных, болей за 50% гатовыя галасаваць супраць, рэшта ня вызначылася. Як гэтыя лічбы паўплываюць на намер Лукашэнкі балятавацца трэці раз? Я, шчыра кажучы, сумняваюся, што Лукашэнка адкіне ідэю працягнуць сваё знаходжаньне пры ўладзе.

Як улада можа адрэагаваць на гэтыя зьвесткі? Ці пачне ўжо зараз рабіць нейкія захады, каб зьмяніць грамадзкую думку пра трэці тэрмін? Ці будзе проста ігнараваць грамадзтва? Некаторыя палітыкі сьцьвярджаюць, што Лукашэнку ўжо не патрэбная электаральная падтрымка, што вэртыкаль зробіць яму любыя вынікі...”

(Класкоўскі: ) “Я думаю, што падрыхтоўка да такога рэфэрэндуму будзе ісьці, але падрыхтоўка хітрая, не лабавая. Хутчэй будзе ісьці мэтадычная зачыстка грамадзка-палітычнага поля. Калі ганец прыносіў дрэнную вестку, яму адсякалі галаву. Таму трэба “адсекчы галовы” гэтым сацыёлягам, незалежным мэдыям, якія тыражуюць кепскія для ўлады лічбы.

Вы ведаеце, ужо створаная такая камісія, якая будзе акрэдытоўваць альбо не тыя ці іншыя сацыялягічныя ўстановы. І наўрад ці пакінуць толькі адзін прэзыдэнцкі інстытут, які будзе апытаньні рабіць. Пакінуць яшчэ адзін быццам бы “незалежны” для гульні. Будзе імітацыя плюралізму. Калі нельга сапраўды забясьпечыць народную падтрымку (а тут, паўтаруся, рэсурсы вычарпаныя), то трэба забясьпечыць імітацыю падтрымкі”.

(Падгол: ) “Масква ў сваю чаргу працуе на абвал рэйтынгу Лукашэнкі наступным чынам. За апошнія месяц-паўтара цана на нафту для Беларусі з усіх расейскіх крыніцаў падвысілася ад 116 да 144 даляраў за тону. І ніводная прыватная расейская фірма, атрымаўшы загад ад пуцінскай каманды, ня мае права прадаваць таньней, хаця ім гэта і выгадна. Такім чынам Расея пачынае ўціск з энэрганосьбітаў, і пачынаецца блякада беларускіх тавараў, якія паступаюць на расейскі рынак”.

(Цыганкоў: ) “Вы хочаце сказаць, што Расея не жадае дапускаць Лукашэнку на трэці тэрмін?”

(Падгол: ) “Гэта зусм іншае. Гэта мэтады ўціску, уключна і абнародаваньне ў пэўны момант інфармацыі пра зьніклых палітыкаў, і падачы гэтай інфармацыі ў пэўным кантэксьце. Рыхтуецца далейшы абвал рэйтынгу Лукашэнкі, і яму будзе прапанова — ці ты танчыш пад нашую дудку, ці мы робім табе румынскі варыянт. Выбірай!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG