Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЫЙШАЎ З ДРУКУ АЛЬБОМ-МАНАГРАФІЯ ПРА АДНАГО З САМЫХ ЗАГАДКАВЫХ ТВОРЦАЎ БЕЛАРУСІ — ЯЗЭПА ДРАЗДОВІЧА


Валянціна Аксак, Менск

Значную частку мастакоўскай спадчыны беларусаў суседзі лічаць сваёю. Ураджэнца Дзятлаўшчыны Вікенція Дмахоўскага залічаюць да свайго літоўцы; Фэрдынанда Рушчыца, які нарадзіўся на Валожыншчыне і ўсё жыцьцё маляваў яе краявіды, сваім называюць палякі; ураджэнца Полаччыны Івана Хруцкага абвесьцілі расейскім жывапісцам. І так з бальшынёю айчынных творцаў.

Жаданьне вярнуць іх дадому змусіла галоўнага рэдактара “Беллітфонду” Кастуся Цьвірку ўзяцца за не ўласьцівыя, здавалася б, для гэтага чыста літаратурнага выдавецтва справы.

(Цьвірка: ) “Мы багаты народ, які ня ведае сваёй культуры, ня ведае сваёй гісторыі, ня ведае сваёй літаратуры. Гэта якраз і змусіла паказаць, што беларусы — вялікі народ. Але самі беларусы гэтага, мусіць, не ўсьведамляюць пакуль што”.

Недасьведчанасьць бальшыні беларусаў у сваёй мастацкай спадчыне абумовіла жанр выданьня: ня проста альбом з рэпрадукцыямі твораў, а альбом-манаграфія з папулярна выкладзенай біяграфіяй мастака і сьціслым аналізам творчасьці — каб запоўніць інфармацыйны вакуўм чытача.

Рукапіс кнігі “Язэп Драздовіч”, падрыхтаваны вядомымі беларускімі мастакамі Міколам Купавам, Аляксеем Марачкіным і, на жаль, ужо нябожчыкам Яўгенам Куліком, шмат гадоў бяз руху праляжаў у выдавецтве “Беларусь”. Таму як толькі ідэя выданьня набыла рэальныя пэрспэктывы, рукапіс быў забраны адтуль, і зь яго і пачалася новая сэрыя “Беллітфонду”. Яна разьлічаная на некалькі гадоў і ўключае больш за дзясятак малавядомых айчынных талентаў. Гаворыць галоўны рэдактар “Беллітфонду” Кастусь Цьвірка:

(Цьвірка: ) “Ужо рыхтуем мы да друку альбомы-манаграфіі такіх мастакоў як Фэрдынанд Рушчыц, Пётра Сергіевіч, Міхась Сеўрук. Асабліва мы хочам выдаць мастакоў дзевятнаццатага стагодзьдзя — найменш знаёмых і найменш вядомых. Сярод іх я назаву такія імёны як Валенці Ваньковіч, Іван Хруцкі, той жа Вікенці Дмахоўскі, Напалеон Орда. Мы будзем выдаваць таксама Бялыніцкага-Бірулю, Марка Шагала, думаем і пра Мікешына... Карацей кажучы, многіх нашых мастакоў, каб культурную спадчыну вярнуць народу”.

Да сказанага спадаром Цьвіркам дадамо, што разам з сэрыяй “Беларускія мастакі” выдавецтва “Беллітфонд” вяртае культурную спадчыну і праз раней запачаткаваную сэрыю “Беларускі гістарычны раман”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG