Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАКУЛЬ ЛУКАШЭНКА ВЫДАЕ ПАМЯШКАНЬНІ СВАІМ КАМУНІСТАМ, АПАЗЫЦЫЙНУЮ ПАРТЫЮ КАМУНІСТАЎ ВЫСЯЛЯЮЦЬ НА ВУЛІЦУ


Юры Сьвірко, Менск

Газэта “Народная Воля” апублікавала фатакопію дакумэнта на гербавым блянку “Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь”, якім Аляксандар Лукашэнка даручыў кіраўнікам усіх шасьці абласных выканкамаў “вырашыць пытаньне пра выдзяленьне асобных памяшканьняў абкамам, райкамам і гаркамам КПБ з кампэнсацыяй выдаткаў па арэнднай плаце, камунальных і эксплюатацыйных плацяжах. Тэрмін выкананьня — 1 лістапада 2002 году”. На дакумэнце пячатка прэзыдэнцкае адміністрацыі.

Хаця з тэкста нельга зразумець, хто каму будзе кампэнсоўваць камунальныя выдаткі — бюджэт камуністам ці камуністы бюджэту, — сам факт клопату Аляксандра Лукашэнкі пра блізкую яму партыю даволі красамоўны.

Я патэлефанаваў ягонай прэсавай сакратарцы Натальлі Пяткевіч і папрасіў пракамэнтаваць апублікаваны ў “Народнай Волі” дакумэнт, які мае адмысловы нумар. Ці дапускае яна, што ён існуе?

(Пяткевіч: ) “Я такога дакумэнта ня бачыла. Не магу я выказаць да гэтага сваё стаўленьне. Абсалютна незразумелае. Я ўвогуле нічога не дапускаю — проста не камэнтую тое, што надрукавана ў “Народнай Волі”.

Як і спадарыня Пяткевіч, не пажадаў камэнтаваць публікацыю “Народнай Волі” і сакратар ЦК кампартыі Сяргей Касьцян.

А вось цэнтральны камітэт апазыцыйнае партыі камуністаў на чале зь Сяргеем Калякіным хутка пазбавіцца офіса ў цэнтры Менску. Другі сакратар ЦК ПКБ Алена Скрыган мае асаблівыя падставы абурацца апублікаваным дакумэнтам:

(Скрыган: ) “І заканадаўства, і Канстытуцыя гавораць пра тое, што ўлада не павінная ўмешвацца ў справы палітычных партыяў і што палітычныя партыі ня могуць фінансавацца органамі дзяржаўнае ўлады. Таму я лічу, што гэта антызаконнае рашэньне, якое мусіць быць неадкладна адмененае.

У той час, як іншую партыю — нашу — у панядзелак судовы выканаўца прыйдзе высяляць з нашага офіса, які мы займаем і за які мы плацім спраўна, выкінуць тут нашую мэблю ды апошняе, што тут знаходзіцца, у гэты ж час бясплатна другой, іншай палітычнай партыі выдзяляюцца памяшканьні. Я лічу, што гэта ня толькі антызаконна, але й несправядліва”.

(Карэспандэнт: ) “Вы абскарджвалі гэтае рашэньне?”

(Скрыган: ) “Абскарджвалі, але нічога ў нас ня выйшла. Вы ведаеце, як у нас абскардзіць рашэньне. У нас скончыўся тэрмін арэнды, і з намі ЖРЭА Савецкага раёну не перазаключыла дагавор”.

Спадарыня Скрыган паведаміла, што ў панядзелак, 30 верасьня, скончыцца 7-дзённы тэрмін для высяленьня, вызначаны судовым выканаўцам.

(Карэспандэнт: ) “Куды вы пераяжджаеце — невядома?”

(Скрыган: ) “Нам няма куды пераяжджаць. Мы зьвярнуліся ў Камітэт па нежылых памяшканьнях пры гарадзкім выканаўчым камітэце, але нам нічога пакуль не адказалі. На вуліцу выкідаюць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG