Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ ПIНСКУ АБАВЯЗВАЮЦЬ АДМIНIСТРАЦЫI ШКОЛАЎ ПЕРАВЕСЬЦI НАСТАЎНIКАЎ НА ПРАЦУ ПАВОДЛЕ КАНТРАКТУ


Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць

Паведамленьням пра магчымы пераход на працу паводле кантракту работнiкi пiнскiх навучальных установаў спачатку не надалi асаблiвай увагi. Але зараз адмiнiстрацыя школаў нагадвае настаўнiкам i тэхнiчнаму пэрсаналу, што яны мусяць аформiць свае працоўныя кантракты да пачатку кастрычнiка. Тых, хто адмовiцца гэта зрабiць, чакае звальненьне.

Падобныя пагрозы вельмi непакояць настаўнiкаў, бо ў параўнаньнi да мiнулага навучальнага году ў Пiнску скарацiлi 80 чалавек, што працавалi ў школах. Частка з iх пераведзеная на няпоўны працоўны дзень, астатнiм прапануюць самастойна займацца пошукам новага месца працы. Без дапамогi гарадзкога адзелу адукацыi, якi ёсьць iнiцыятарам кантрактнай сыстэмы, уладкавацца па спэцыяльнасьцi настаўнiку амаль што немагчыма.

Настаўнiкаў насьцярожвае, што нiхто не знаёмiць iх зь юрыдычнымi наступствамi падпiсаньня кантракту, якi будзе дзейнiчаць толькi на працягу аднаго году. Настаўнiкi не выключаюць, што гэта можа быць выкарыстана для перасьледу некаторых iхных калегаў. Гаворыць настаўнiца пiнскай гiмназii № 2 Людмiла Лаўрысюк:

(Лаўрысюк:) "Некаторыя настаўнiкi так i разважаюць, што гэта можа быць зьвязанае з тым, што будзе вельмi зручна з чалавекам расправiцца. Ён можа чымсьцi не задавальняць адмiнiстрацыю, звольнiць так яго нельга, а калi чалавек на кантракце, гэта робiцца вельмi проста".

У Берасьцейскiм абласным упраўленьнi адукацыi паведамiлi, што перавод настаўнiкаў на кантрактную сыcтэму не набыў масавага характару. Але ў iнiцыятыве пiнскiх уладаў абласная вэртыкаль ня бачыць нiчога, што супярэчыць закону.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG