Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАРУСІ ПАВЯЛІЧВАЕЦЦА КОЛЬКАСЬЦЬ ВЫПАДКАЎ ПЕРАДАЧЫ ВІРУСУ ВІЧ ПОЛАВЫМ ШЛЯХАМ


Ганна Соўсь, Менск

У Беларусі на сёньняшні дзень афіцыйна зарэгістравана 4548 чалавек, інфікаваных ВІЧ. Але рэальная колькасьць хворых, паводле адмыслоўцаў Рэспубліканскага цэнтру прафіляктыкі СНІД, у чатыры разы большая. Гаворыць эпідэміёляг Рэспубліканскага цэнтру прафіляктыкі СНІД Анжэліка Балаева:

(Балаева: ) "Па колькасьці зарэгістраваных выпадкаў у лідэрах Гомельская вобласьць – 2911 выпадкаў. На другім месцы Менск – 623 выпадкі ВІЧ-інфэкцыі. Асноўныя прычыны заражэньня – увядзеньне наркатычных рэчываў. Аднак апошнім часам адсочваецца наступная тэндэнцыя – павялічваецца колькасьць людзей, інфікаваньне якіх адбываецца ў выніку сэксуальных кантактаў. Менавіта полавым шляхам інфікуюцца людзі ва ўзросьце ад 24 да 35 гадоў – дарослыя людзі, якія не ўжываюць наркотыкі. Гэта людзі рэпрадукцыйнага ўзросту, якія вядуць актыўнае сэксуальнае жыцьцё. На жаль, інфікаваньне полавым шляхам будзе павялічвацца з кожным месяцам".

У Беларусі зарэгістраваныя толькі 4 з 20 прэпаратаў, якія выкарыстоўваюцца ў сьвеце для лячэньня хворых на СНІД. Таму беларускія лекары ня здольныя аказаць паўнавартасную мэдычную дапамогу такім хворым. У сьвеце найбольш эфэктыўнай лічыцца шматкампанэнтная антырэтравірусная індывідуальная тэрапія. У Беларусі такую тэрапію мае толькі адзін з 10 хворых на СНІД. З 1996 году памерла 220 чалавек, інфікаваных ВІЧ, і многія зь іх таму, што не атрымлівалі адпаведнага лячэньня. Гэтак мяркуюць у грамадзкім аб'яднаньні "Пазытыўны рух", якое прадстаўляе інтарэсы ВІЧ-інфікаваных. У жніўні аб'яднаньне накіравала ліст міністру аховы здароўя, у якім патрабуе, каб беларускія хворыя на СНІД мелі доступ да адпаведнага лячэньня. Гаворыць прадстаўніца "Пазытыўнага руху" Натальля Каржаева:

(Каржаева: ) "Праблема палягае ў тым, каб нейкім чынам зьменшыць кошт лекаў і нават паспрабаваць зрабіць так, каб людзі самі маглі купляць іх, альбо аплочваць часткова. Таму што цяпер лекі купляе дзяржава. Але кошт лячэньня аднаго чалавека ў год складае 10 тысячаў даляраў".

Паводле Натальлі Каржаевай, хворыя на СНІД у Беларусі адчуваюць сябе ізгоямі. У краіне няма сыстэмы хосьпісаў, няма адмысловай мэдычнай установы, якая б займалася хворымі на СНІД.

(Каржаева: ) "Не заўсёды лекары ведаюць, як лячыць нейкую хваробу на фоне ВІЧ-інфэкцыі. Апошні выпадак. У хлопчыка бранхіт. Зразумела, што ён сказаў лекару, што ў яго ВІЧ-інфэкцыя. Лекар сказаў: "Ня ведаю, што з Вамі рабіць. Да пабачэньня". Вось і ўся размова. Лекары проста ня ведаюць спэцыфікі. Вельмі мала інфармацыі. Нягледзячы на тое, што вельмі шмат мэдыкаў навучаецца на курсах падвышэньня кваліфікацыі, практыка паказвае, што яны проста ня ведаюць, што рабіць зь ВІЧ-інфікаванымі людзьмі".

Дарэчы, аб'яднаньне "Пазытыўны рух", якое прадстаўляе інтарэсы ВІЧ-інфікаваных, дагэтуль не атрымала адказу ад Міністэрства аховы здароўя на свой ліст.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG