Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ МОЖНА ПРАДАЦЬ БЕЛАРУСКУЮ МУЗЫКУ?


Зьміцер Падбярэскі, Менск

Як даказала спрадвечная практыка, як даводзяць разумныя людзі, мала вырабіць нейкі тавар. Бо куды складаней прадаць вырабленае.

Нязначную ў параўнаньні хоць бы з расейскімі выканаўцамі папулярнасьць айчынных артыстаў можна вытлумачыць многім. Аднак адна з галоўных прычынаў — гэта, апрача слабой іх прысутнасьці ў сродках масавай інфармацыі і, адпаведна, рэклямы, амаль непрыкметная і прысутнасьць запісаў беларускіх музыкантаў у продажы. Пераканайцеся самі — колькі ёсьць у Менску месцаў, дзе можна ўбачыць болей хоць бы дзясятка найменьняў кампакт-дыскаў ды касэт? Што ж тады казаць пра раённыя цэнтры?

Я разумею, што праблема тут узаемазьвязаная: рэкляма ўплывае на папулярнасьць, папулярнасьць — на попыт, попыт — на наклады. І адное з вязьмаў гэтага ланцугу — тыя, хто прапануе публіцы гатовы тавар, гэта значыць, прадаўцы. Вось чаму чарговы выпуск праграмы “Па-за тактам” я вырашыў прысьвяціць сустрэчы з тымі, хто судакранаецца з гэтай праблемаю найперш і самым непасрэдным чынам.

Такім чынам — “радыё”-кірмаш у Ждановічах. Тут аматары музыкі могуць знайсьці ўсё, ці, дакладней, амаль усё. Дык вось, у гэтае вызначэньне “амаль усё”, мне так думаецца, і ўваходзіць менавіта беларуская музыка. Так гэта ці не — відаць, дапамогуць вырашыць тыя, хто непасрэдна займаецца продажам аўдыёносьбітаў — менавіта прадаўцы шматлікіх шапікаў, да якіх я і вырашыў зьвярнуцца з пытаньнем: што прадаецца і што можа прадавацца зь беларускай музыкі?

Я размаўляю з адной з прадаўшчыц, маладой, прыемнай дзяўчынай, якую завуць Марына:

(Падбярэскі: ) “Марына, чаму няма ў продажы беларускай музыкі?”

(Марына: ) “У продажы няма беларускай музыкі таму, што нашыя гуртовыя фірмы іх не завозяць”.

(Падбярэскі: ) “А беларускіх музыкантаў, апрача выстаўленых у вас “Песьняроў”, “Ляпис Трубецкой”, пытаюцца яшчэ ці не?”

(Марына: ) “Канечне. Беларускі гарт-кор, маладыя беларускія групы — добра пытаюцца, вельмі добра... Электроншчыну... Аднак, чамусьці яны нераскручаныя — гэтыя групы. Іх варта паставіць на камэрцыйную аснову, каб яны прадаваліся, а то яны граюць падпольна”.

(Падбярэскі: ) “Калі б у вас, Марына, была магчымасьць нешта выбіраць, што б Вы ў сваіх гуртовых гаспадароў перш-наперш папрасілі, менавіта якіх выканаўцаў?”

(Марына: ) ““Палац”, “Краму”, у цэлым рок ...можа быць, “Новае неба” пайшло бы добра... Наогул для гэтых гуртоў рэкляма непатрэбная. Камусьці іх проста трэба раскруціць. Нават тыя ж маладыя гурты... Іх трэба камусьці ўзяць пад сваё крылца і даць ім магчымасьць працаваць спакойна”.

(Падбярэскі: ) “А народная музыка?”

(Марына: ) “Народна музыка ідзе вельмі слаба. Народную музыку ў нас часта пытаюцца людзі, якія зьяжджаюць за мяжу. Так — гэта так, там яно будзе ісьці вельмі добра, а ў нас, нашае насельніцтва, слухае нешта такое “прасунутае”, ці расейскае — усё тое, што больш папулярнае”.

Марына, прынамсі, толькі пазначыла праблему, на якую ў далейшай гаворцы мае суразмоўцы выйшлі самі сабой. А менавіта: запісы беларускай музыкі ў гуртовых фірмах практычна адсутнічаюць. Канеше, купіць іх у Маскве, апрача некалькіх найменьняў, немагчыма, а ў Беларусі, як вынікае з гутаркі, добра наладжанай сыстэмы распаўсюджаньня запісаў айчыннай музыкі амаль няма. Між тым Марына ўпэўнена, што такія запісы яна магла б прадаваць актыўней...

(Падбярэскі: ) “А чаму, як вы думаеце, такая сытуацыя паўстала: і попыт малы, і ў продажы анічога практычна няма?”

Да гутаркі далучаецца Людміла:

(Людміла: ) “Маленькі ў іх выбар вельмі. Ну што: “Верасы”, “Песьняры”, “Сябры” — і ўсё! А так, каб быў асартымэнт беларускае музыкі... Не, чаму, пытаюцца многія, падыходзяць людзі, аднак таго, што іх цікавіць, у нас практычна няма, а тое, што стаіць ва ўсіх на прылаўках, дык гэта, як гаворыцца, адно й тое ж прадаваць не будзеш!”

(Падбярэскі: ) “Як Вы думаеце, што можа паўплываць на паляпшэньне гэтай сытуацыі? Рэкляма, напрыклад?”

(Людміла: ) “Я лічу, што рэклямы ў цэлым дастаткова. Проста крышку больш бы ў асартымэнце і розных”.

(Падбярэскі: ) “Значыць, такі нешырокі выбар, на вашую думку, залежыць ад беларускіх вытворцаў?”

(Людміла: ) “Так, толькі ад вытворцаў. Мы працуем з “Ўэст Рэкардз”, і тое, што яны маюць, бярэм для продажу”.

І калі я назваў Людміле такія выдавецкія фірмы, як “Ковчег” і “БМА груп”, дык пачуў у адказ зусім нечаканае:

(Людміла: ) “Мы проста ўпершыню пра тое чуем. Слабая рэкляма ў іх, напэўна”.

Вось вам і найбольшы, відаць, сюрпрыз, які чакаў мяне падчас наведваньня кірмашу ў Ждановічах. Не адна Людміла казала, што ня ведае нават пра існаваньне такіх выдавецкіх фірмаў, як “Ковчег” ды “БМА груп”. Не, гэта неверагодна! Так, можна ўявіць, што гандляры музыкаю не чытаюць тых газэт, у якіх бясконца пішуць пра маладыя калектывы і друкуюць рэцэнзіі на новыя альбомы. Але ж, калі ўявіць, што той жа “Ковчег” прысутнічае на рынку блізу 10 гадоў і мае ў каталозе звыш дзьвюх соцень выдадзеных пазыцыяў, калі “БМА груп” ладзіць канцэрты і нібыта актыўна прапагандуе новую беларускую музыку, іх тым ня менш падпольнае існаваньне сьведчаць тыя, хто рады быў бы мець куды большы асартымэнт!

Дык што, ва ўзгаданых фірмах такія паняцьці, як маркетынг, рэкляма начыста адсутнічаюць? А як яшчэ можна разумець сытуацыю?

(Падбярэскі: ) “Які ў вас выбар беларускай музыкі?”

(Прадавец: ) “Нармальны. Вялікі. Дастатковы. Для попыту — дастатковы”.

(Падбярэскі: ) “Значыць, вы можаце задаволіць кожнага аматара беларускай музыкі ці не?”

(Прадавец: ) “Калі не любога, дык амаль кожнага”.

(Падбярэскі: ) “Як гэтая музыка набываецца? Часта яе пытаюцца?”

(Прадавец: ) “Зрэдку”.

(Падбярэскі: ) “А чаму, на вашую думку?”

(Прадавец: ) “Папулярнасьці няма. Расейская эстрада больш папулярная”.

(Падбярэскі: ) “А з кім з гуртовых фірмаў Вы працуеце, у каго Вы бярэце гэтыя запісы?”

(Прадавец: ) “Я — рэалізатар. А бяруць запісы — я наогул ня ведаю, дзе. “Ўэст”, напэўна, “Вігма”...”

(Падбярэскі: ) “А такія выдавецкія фірмы, як “Ковчег” ці “БМА груп”... Вы зь імі працуеце ці не?”

(Прадавец: ) “Не!”

(Падбярэскі: ) “Нават ня чулі пра такія?.. Тады скажэце, ці можна сёньня зарабіць грошы на беларускай музыцы?”

(Прадавец: ) “Маючы жаданьне, можна зарабіць грошы на ўсім. Трэба, каб беларуская музыка была больш-менш... адпавядала якасьці гучаньня, каб яна была запатрабаваная”.

(Падбярэскі: ) “А беларуская народная музыка? Ці маецца яна ў вас у продажы, ці карыстаецца попытам?”

(Прадавец: ) “Ёсьць. У прынцыпе, час ад часу пытаюцца. Ёсьць у нас, напрыклад, “Юр’я”, але гэта нават ужо не беларуская народная, больш — “этнічная” музыка. Так, ёсьць, аднак таксама пытаюцца рэдка”.
(Падбярэскі: ) “Цікава, колькі Вы за дзень можаце прадаць носьбітаў зь беларускай музыкаю?”

(Прадавец: ) “За дзень? Варта было б казаць, што пару дыскаў за месяц. За дзень — гэта нерэальна! Сёньня прадалі адзін дыск беларускага рэпу”.

(Падбярэскі: ) “Гэтыя касэты, кампакт-дыскі зь беларускай музыкаю — яны ў вас таньнейшыя за, скажам, расейскія, ці даражэйшыя?”

(Прадавец: ) “Даражэйшыя за расейскія. Расейскі дыск у сярэднім каштуе недзе 4,5 тысячы, а беларускі дыск каштуе сем-чатырыста”.

Тут пазначыліся яшчэ два нюансы. Першы: у Ждановічах амаль усе набываюць беларускія запісы на гуртовай базе фірмы “Ўэст Рэкардз”, якая сама, відаць, не працуе з той жа “БМА груп”, якая, у сваю чаргу, не жадае траціць у прыбытку, маючы лішняга пасярэдніка. Па-другое, беларускія кампакт-дыскі каштуюць больш за расейскія. Яно больш-менш зразумела: што б там ні казалі, асноўная маса расейскіх запісаў — гэта пірацтва. Аднак і наклады істотна ўплываюць на сабекошт гатовага прадукту. Паводле неафіцыйных зьвестак, найбольшы наклад у беларускамоўнай музыцы меў альбом “Я нарадзіўся тут” — недзе пад 6 тысячаў дыскаў.

Я размаўляю з Аляксандрам... (вялікі шапікі, які называецца “Рэкард мастэр”).

(Падбярэскі: ) “Аляксандар, што Вы маглі б прапанаваць, скажам, замежным гасьцям краіны Беларусі, якія б падыйшлі да вашага стэнду й папрасілі што-небудзь зь беларускай музыкі?”

(Аляксандар: ) “Зь беларускай музыкі — гэта гурт “Палац”, славуты гурт “Годс таўэр” беларускі, таксама ёсьць новы альбом гурту “Н.Р.М.”. Але ў прынцыпе на рынку дыскаў зь беларускай музыкаю — даволі няшмат”.

(Падбярэскі: ) “Ці часта да вас зьвяртаюцца людзі і просяць што-небудзь новенькае зь беларускай музыкаю?”

(Аляксандар: ) “Вельмі часта пытаюцца пра музыку, якая прыналежыць бліжэй да сярэднявечнага клясу менавіта беларускае культуры — большай часткаю Аднак гэткай пакуль што няма ў нашым асартымэнце, у наяўнасьці”.

(Падбярэскі: ) “Скажэце, Аляксандар, а ці можаце Вы зарабляць на беларускай музыцы, на продажы беларускіх выканаўцаў?”

(Аляксандар: ) “Вы ведаеце, у прынцыпе можна зарабляць паўсюль, абы толькі з розумам”.

(Падбярэскі: ) “І скажэце, што магло б, на вашую думку, паўплываць на папулярызацыю беларускае музыкі на аўдыёносьбітах?”

(Аляксандар: ) “Больш сучасныя рытмы, жанры, каб да яе хоць крышачку імкнулася моладзь, таму што слухаюць у асноўным людзі больш сталага веку. Ну, і больш рэклямы, я лічу, больш рэклямы, больш раскруткі, больш укладаньняў фінансавых сродкаў”.

Тое, што ў Беларусі сапраўды мала музыкі актуальнай, моднай — не сакрэт. Але гэта — ня тэма сёньняшняе праграмы. Хочацца зьвярнуць, тым ня менш, увагу вось на якую акалічнасьць: многія айчынныя выканаўцы самі тыражуюць уласныя запісы і самі ж іх распаўсюджваюць. Канешне, гэтыя запісы можна набыць толькі тады, калі ведаеш, дзе яны прадаюцца. Да “Ждановічаў”, безумоўна, яны не дабіраюцца. Вось яшчэ адна прычына таго, што тут асартымэнт беларускай музыкі насамрэч вельмі вузкі, а многія выканаўцы ў выніку застаюцца вядомымі ў вельмі абмежаваным коле слухачоў. Што пацьвердзіў наступны мой суразмоўца, які быў настроены пэсымістычна...

(Віктар: ) “А зь беларускай музыкі нічога няма. “Песьняры”, і то... Ня ведаю. Не карыстаецца попытам”.

(Падбярэскі: ) “Гэтым Вы хочаце сказаць, што на беларускай музыцы зарабіць немагчыма?”

(Віктар: ) “Не! Практычна — не”.

(Падбярэскі: ) “А чаму склалася такая вось сытуацыя дзіўная, як Вы думаеце?”

(Віктар: ) “Пакаленьне ня тое! Запытваюць пераважна замежную музыку, там ...тыпу “Рамштайн””.

(Падбярэскі: ) “Вы кажэце, што апрача “Песьняроў”, нічога больш і няма...”

(Віктар: ) “Ну так. Бывае часам Саладуха, аднак і яго рэдка пытаюцца”.

Падводзячы вынікі маіх распытваньняў з прадаўцамі ў “Ждановічах”, зазначу:

Першае — прадаўцы і вытворцы мала ведаюць адзін аднаго.

Другое — беларускіх запісаў мала ў продажы з-за дрэнна наладжанага гуртовага гандлю, прычым большыя — у параўнаньні з расейскімі дыскамі — кошты айчыннай прадукцыі ня вельмі істотна ўплываюць на попыт.

Трэцяе — у цэлым прадаўцы ўпэўненыя, што зарабляць на продажы беларускае музыкі можна, аднак і рэкляма гатовай прадукцыі з боку вытворцаў мусіць быць куды больш актыўная.

Нарэшце, чацьвертае — слабыя вязьмы ў ланцугу, які пачынаецца з музыкантаў і сканчваецца пакупнікамі, канешне ж, ёсьць, аднак у дачыненьні да музыкі беларускай сам гэты ланцуг вымагае добрага рамонту.

Вось чаму мы працягнем гэтую тэму ў наступнай перадачы, калі пагутарым з тымі, хто тыражуе музыку. Да сустрэчы!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG