Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІДЫЯ ПОЛЬФЭР: “БЕЛАРУСЬ ЯШЧЭ НЕ ГАТОВАЯ ВЫЙСЬЦІ З САМАІЗАЛЯЦЫІ”


Ірына Халіп, Страсбур

Дэпутат літоўскага Сэйму Вацлаў Станкевіч запытаў, якую палітыку зьбіраецца далей праводзіць у дачыненьні да Беларусі Рада Эўропы. Спн. Польфэр нагадала, што 13 верасьня ў Варшаве генэральны сакратар Рады Эўропы Вальтэр Швімэр заклікаў беларускія ўлады распачаць сапраўдныя палітычныя рэформы. Такія прапановы гучалі і раней. Рада Эўропы заўсёды жадала падтрымліваць дыялёг зь Беларусьсю, і некаторыя пазытыўныя зрухі можна ўбачыць, але, на думку спн. Польфэр, Беларусь яшчэ не гатовая выйсьці з самаізаляцыі, і першае, што сьведчыць пра гэта – сытуацыя з місія АБСЭ ў Беларусі.

Таксама старшыня камітэту міністраў падкрэсьліла, што Рада Эўропы па-ранейшаму будзе патрабаваць ад Беларусі мараторыя на сьмяротнае пакараньне, пашырэньня паўнамоцтваў нацыянальнага сходу, прагрэсу ў абароне правоў чалавека і расьсьледаваньня зьнікненьняў палітыкаў. Спн. Польфэр сказала, што ўлады Беларусі павінны гарантаваць таксама прыняцьце новага закону аб СМІ, незалежнасьць судзьдзяў, заканчэньне практыкі палітычнага перасьледу, у тым ліку за крытыку прэзыдэнта.

Рада Эўропы мае намер працягваць кантакты з грамадзкімі арганізацыямі, палітычнымі партыямі і журналістамі. Сёньня ж прадстаўнікі беларускіх палітычных партыяў Анатоль Лябедзька, Яраслаў Раманчук і Валянціна Палевікова сустрэліся з генэральным сакратаром рады Эўропы Вальтэрам Швімэрам. Дарэчы, гэта ўжо другая сэсія запар, калі сп. Швімэр сустракаецца толькі зь беларускай апазыцыяй, але не знаходзіць часу для дэлегацыі палаты прадстаўнікоў. Анатоль Лябедзька застаўся вельмі задаволены гэтай сустрэчай.

(Лябедзька: ) “Сп. Вальтэр Швімэр – адзін з самых дасьведчаных асобаў у беларускім пытаньні. Першае, ён адзначыў, што Рада Эўропы будзе адэкватна рэагаваць на сытуацыю ў Беларусі, і калі будуць пазытыўныя зрухі, тады будзе і станоўчы адказ з боку Рады Эўропы. Калі гэтага ня будзе, то самаізаляцыя Беларусі застанецца справай беларускіх уладаў. Разам з тым, ён адзначыў шэраг момантаў. Гэта канфліктная сытуацыя ў адносінах Расеі і Беларусі, зьмяненьне сытуацыі ўнутры краіны, зьвязанае з падзеньнем аўтарытэту беларускіх уладаў.

Акрамя сустрэчы са сп. Швімэрам, мы ўзялі нядаўна ўдзел у паседжаньні Юрыдычнага камітэту, дзе была заслуханая справаздача дакладчыка, прадстаўніка Літвы Вацлава Станкевіча. Камітэт ухваліў праект рэзалюцыі і прыняў шэраг дадатковых паправак. У першую чаргу нас цікавілі папраўкі, якія датычаць наступу на свабоду слова і рэпрэсіяў супраць журналістаў беларускіх незалежных выданьняў. Акрамя гэтага, Вацлаў Станкевіч прапанаваў правесьці спэцыяльны сэмінар па дэмакратызацыі ў Беларусі, пашырыць стасункі з прадстаўнікамі палітычных партыяў і няўрадавых арганізацыяў, а таксамавыступіць з прапановай, каб камісар па правах чалавека ад Эўропы зьвярнуў асблівую ўвагу на пытаньне зьніклых палітыкаў і журналіста Завадзкага ў Беларусі”.

Сёньня ж пра Беларусь нечакана загаварылі падчас абмеркаваньня калінінградзкай праблемы на пленарным паседжаньні Парлямэнцкай Асамблеі. У рэзалюцыю было запісана, што Беларусь дагэтуль не ратыфікавала памежныя адносіны зь Літвой, і гэта робіць значна больш складаным вырашэньне калінінградзкай праблемы. Але, як кажуць у кулюарах сэсіі, калінінградзкую праблему вырашыць значна прасьцей, чым беларускую.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG