Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАРОДНЫ МАРШ “ЗА ЛЕПШАЕ ЖЫЦЬЦЁ” МОЖА АДБЫЦЦА НЕЎЗАБАВЕ ПАСЬЛЯ АГУЛЬНАЙ АКЦЫІ АПАЗЫЦЫІ 17 ЛІСТАПАДА


Ігар Карней, Менск

Яшчэ ў чэрвені ініцыятыўная група маршу “За лепшае жыцьцё” (у складзе групы – Андрэй Саньнікаў, Валянцін Голубеў, Юры Хашчавацкі, Валеры Шчукін, Людміла Гразнова і Зьміцер Бандарэнка) абвесьціла пра намер вяртаньня ўвосень да вулічных акцыяў. Тады ініцыятыва ня мела шырокай падтрымкі ў шэрагах апазыцыйных дзеячоў. І пакуль падрыхтоўчыя працы да маршу прыпыненыя.

Прычыну тлумачыць каардынатар грамадзкай ініцыятывы “Хартыя-97” Андрэй Саньнікаў:

(Саньнікаў: ) “Ініцыятыўная група ў справе правядзеньня народнага маршу “За лепшае жыцьцё” вырашыла падтрымаць тую акцыю, якая абвешчаная ў лістападзе. Але ідэя, ініцыятыва народнага маршу застаецца, бо тое, што зараз прапануецца шматлікім складам удзельнікаў — гэта крыху іншы фармат. Да народнага маршу мы прапанавалі акрэсьленую стратэгію з патрабаваньнямі адстаўкі Лукашэнкі й датэрміновых парлямэнцкіх выбараў.

Цяпер больш актуальная падтрымка і абарона незалежнасьці. Таму мы падтрымліваем ініцыятыву, але разам плянуем Народны марш. Калі ён будзе — зараз абвесьціць ня можам, таму што плянавалі яго таксама на гэтыя тэрміны. Але паколькі зьявілася гэтая ініцыятыва, то будзем працаваць разам з усімі, каб адбылася пасьпяховая акцыя”.

Яшчэ адзін сябра ініцыятыўнай групы кінадакумэнталіст Юры Хашчавацкі вітае намер апазыцыі выйсьці на вуліцы Менску, але папярэджвае пра небясьпеку аб’яднаньня напярэдадні буйных акцыяў выключна дзеля колькасьці ўдзельнікаў.

(Хашчавацкі: ) “Ужо некалькі гадоў мы робім памылку, калі дзеля шырокага аб’яднаньня пачынаем аб’ядноўвацца незразумела зь якімі рухамі. Прыкладам, з Гайдукевічам, які на практыцы ёсьць не адзінкай колькаснага яднаньня, а нейкім разбуральным элемэнтам. Таму я заклікаю, як некалі Амар Хаям: “Лепей будзь адзін, чым разам з абы-кім”.

Між тым, спадар Хашчавацкі ўпэўнены, што час вулічных акцый не прайшоў, а наадварот, зараз гэта набывае асаблівую важкасьць, паколькі іншых спосабаў абараніць годнасьць дзяржавы і кожнага паасобку няма. Гэткага ж меркаваньня прытрымліваецца і Валеры Шчукін. Але адначасна ён зьвяртаецца да арганізатараў акцыі, што папярэдне заплянаваная на 17 лістапада, каб тыя не пагаджаліся ісьці на саступкі ўладзе.

(Шчукін: ) “Я вазьму ўдзел у любым маршы, які будзе адбывацца ў цэнтры гораду. Але калі арганізатары зноў распачнуць перамовы з уладамі і ў выніку пойдуць на Бангалор, то мяне там ня будзе. А тое, што аб’ядноўвацца патрэбна, я не аспрэчваю. Мы бачым Украіну і якія там вынікі. Людзі ідуць туды, куды лічаць патрэбным. Ставяць намёты, галадуюць. І вынікі ў іх іншыя. Паколькі яны ідуць на абвастрэньне сытуацыі, у іх людзей выходіць нашмат болей, чым у нас”.

Разам з тым Андрэй Саньнікаў лічыць, што заплянаваная на сярэдзіну лістапада акцыя можа ня мець вялікага плёну, паколькі не да канца зразумела, хто рэальна адказвае за яе правядзеньне і пад якімі лёзунгамі паклічуць людзей на вуліцу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG