Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЕРШЫ НАЦЫЯНАЛЬНЫ ТЭЛЕКАНАЛ РАСПАЧАЎ НОВЫ ТЭЛЕВІЗІЙНЫ СЭЗОН


Ганна Соўсь, Менск

Сёньня вядучыя Першага нацыянальнага тэлеканалу Ларыса Грыбалёва і Алесь Круглякоў вялі праграму “Добрай раніцы, Беларусь!” у вялікай мадэрновай студыі з сучаснымі сьветлавымі эфэктамі. Вялі на расейскай мове. Дарэчы, дэвіз новага тэлевізійнага сэзону — “Тэлебачаньне тваёй краіны”.

Кіраўніцтва Першага беларускага тэлеканалу імкнулася распачаць новы тэлевізійны сэзон у адпаведнасьці зь міжнароднай практыкай — грандыёзнае шоў, новыя праграмы, новыя твары, новыя фільмы. Шоў адбылося — 21 верасьня прайшла масавая акцыя ля Палацу спорту з інтэрактыўнымі ўключэньнямі, фаервэркамі, паветранымі шарамі ды канцэртам.

Былая тэлекамэнтатарка БТ Ганна Арцюшкевіч, якая летась сышла з тэлебачаньня з прычыны незадаволенасьці палітыкай, якую праводзіла новае кіраўніцтва тэлеканалу, назірала за гэтай акцыяй:

(Арцюшкевіч: ) “Трэба было выйсьці ў народ, каб прыцягнуць увагу тэлегледачоў, у асноўным моладзі, да Першага нацыянальнага тэлеканалу, таму што тэлегледачоў у БТ ужо амаль не засталося. Што датычыць новага тэлесэзону, то я маю сумнеў, што будуць вельмі прыстойныя новыя праграмы. Гэта будзе перапеў добра забытага старога, таму што зноў жа — няма каму рабіць.

Рыбакоў ужо пасьпеў раздаць, зьнішчыць увесь тэлевізійны рэквізыт, сярод якога былі ўнікальныя народныя касьцюмы, якія зьбіраліся на працягу гадоў са ўсёй Беларусі. Сказаў, што калі спатрэбяцца, то купім новыя. Гэта гаворыць пра тое, што нейкіх сур’ёзных тэлепастановак (а зьбіраліся яны для тэлепастановак, тэлеспэктакляў) ужо ніколі ня будзе. Усё гэта будзе павярхоўна”.

Што да непасрэдных навацыяў на Першым нацыянальным, то тэлекампанія абнавілася тэхнічна. Цяпер можна будзе перадаваць наўпрост рэпартажы з розных кропак Беларусі дзякуючы спадарожнікавай тэлестанцыі. У студыі АТН усталяванае гэтак званае “халоднае сьвятло”, дзякуючы якому вядучыя будуць выглядаць больш прыстойна.

Тэлежурналіст і тэлерэжысэр Алег Дашкевіч, які ў 1996 годзе атрымаў прэмію Джорджа Сораса “За найлепшы телевізійны рэпартаж”, мяркуе, што гэта ўсё выключна касмэтычныя зьмены:

(Дашкевіч: ) “Крыху лепш сталі застаўкі. Можа, з тае прычыны, што яны проста сталі новымі. Але відаць, што пасьля сыходу журналістаў, тэхнічных работнікаў, новая порасьль пачынае падымаць сваю кваліфікацыю. Відавочны лёгкі акцэнт у бок беларускасьці. Што тычыцца шоў і канцэртаў, вядучыя ізноў загаварылі на беларускай мове. Немагчыма было не заўважыць выпуск у эфір Лявона Вольскага. Беларускаму тэлебачаньню, нягледзячы на такія касмэтычныя зьмены, далёка да нармальнага тэлебачаньня. Нават да расейскіх каналаў. А для высокапрафэсійнай працы патрэбная свабода”.

Што да палітычных праграмаў, то ўчора ўвечары адбылася прэм’ера новай аналітычнай праграмы, якая паводле структуры нагадвае праграму Ўладзімера Позьнера “Времена” на расейскім ОРТ. Але толькі паводлле структуры. Тэлерэжысэр Алег Дашкевіч прызнаўся, што здолеў паглядзець праграму толькі часткова, бо было надта марудна й сумна.

(Дашкевіч: ) “Палітычныя перадачы тут у прынцыпе ня могуць быць цікавымі, таму што перадусім ёсьць адна думка, якую трэба прасоўваць. Астатнія думкі на тэлебачаньні не прысутнічаюць, а калі й прысутнічаюць, то ў выглядзе, патрэбным уладзе. І таму цяжка нечага новага чакаць — прафэсійнага і забаўляльнага ў гэтай галіне тэлевізіі”.

Дарэчы, сёньня, зьвяртаючыся па камэнтар да розных асобаў, я сутыкнулася з тым, што практычна ніхто з маіх суразмоўцаў не глядзеў новыя праграмы Першага нацыянальнага тэлеканалу — нават іхныя канкурэнты, як, прыкладам, адзін з кіраўнікоў АНТ Ягор Хрусталёў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG