Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КРУГЛЯНСКІЯ АКТЫВІСТЫ АГП ЗАНЕПАКОЕНЫЯ БЕЗГРАШОЎЕМ СЯЛЯНАЎ


Марыя Ўсьціновіч, Круглянскі раён

У краме вёскі Міхейкава Круглянскага раёну за апошнія дні было прададзена, акрамя хлеба ды гарэлкі, тры кіляграмы каўбасы, увесь прывоз. Гэта лічыцца паказчыкам таго, што ў сялянаў зьявіліся нейкія грошы. Ідзе ўборка ўраджаю, і продаж бульбы дае прыбытак, ды самае галоўнае — у наяўных грашовых знаках.

Паводле словаў прадавачкі, ёсьць попыт на ўвесь асартымэнт тавараў:

(Спадарыня: ) “Усё ідзе ў вёсцы. Вось толькі зарплата ў калгасьнікаў была б своечасова — вось гэта праблема. Тут людзі кажуць, што за сакавік яшчэ ня ўсе атрымалі заробак”.

Звычайна людзі гавораць, што сяляне ніколі ня будуць галадаць. На вёсцы харчуюцца са свайго агароду.

(Спадарыня: ) “Жывуць яны надгаладзь. Памерці яны ня могуць, аднак і нармалёва жыць немагчыма. Якая ежа? Бульба ды салёны агурок!”

У адказ на пытаньні пра цяперашняе вясковае жыцьцё мужыкі абураюцца:

(Спадар: ) “Капейкі не атрымліваем па 4–5 месяцаў. Добра яшчэ, калі харчамі, хлеба якога-небудзь возьмець. А таго, што трэба людзям — абутку ды адзёжы — ня купіш. Грошай няма. Дабілі ўсё да канца. Вось я табе скажу праўду!”

У Круглянскім раёне нават сацыяльная дапамога на дзяцей — апошнія наяўныя грошы, якія магла атрымаць вясковая сям’я, сталі таксама пералічваць у крамы райспажыўсаюзу. Пры гэтым у круглянскіх сялянаў пачалі спаганяць грошы за камунальныя паслугі праз суд. Судзьдзі стандартна накіроўваюць у калгасы выканаўчыя лісты, плату і пеню вылічваюць з заробкаў.

Актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі ў Круглым лічаць, што ў такім парушэньні правоў сялянаў вінаватая дзяржава. Старшыня арганізацыі Аляксандар Булаўкін бачыць адзін шлях для выпраўленьня сытуацыі:

(Булаўкін: ) “Я лічу — правільная рэформа. Калгасу трэба даць свабоду. Ён мае права асабіста распараджацца сваёй прадукцыяй”.

Толькі ў такім выпадку, настойвае Аляксандар Булаўкін, у калгасаў і калгасьнікаў зьявяцца грошы.

Нагадаць пра праблемы сялянства ўладзе Круглянская арганізацыя Аб’яднанай грамадзянскай партыі вырашыла з дапамогай шэсьця ў райцэнтры, якое павінна было адбыцца 24 верасьня. Аднак раённая вэртыкаль не дала дазволу, пры гэтым спаслаўшыся на працоўны дзень.

Аляксандар Булаўкін лічыць гэтае рашэньне незаконным і будзе абскарджваць яго ў судзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG