Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЖОРДЖ БУШ ЗАКЛІКАЕ КАНГРЭС ЗША ПРЫНЯЦЬ РЭЗАЛЮЦЫЮ Ў СПРАВЕ ІРАКУ


Алесь Грыневіч, Прага

Лідэры абедзьвюх партыяў у Кангрэсе кажуць, што адпаведная рэзалюцыя, хутчэй за ўсё, будзе прынятая. Гэта мусіць прадэманстраваць сьвету, што Злучаныя Штаты гатовыя дзейнічаць самастойна, бо Рада Бясьпекі ААН пакуль што падзеленая ў пытаньні Іраку.

На гэтым тыдні Ірак пагадзіўся дапусьціць на сваю тэрыторыю інспэктараў ААН, якія правераць, ці вырабляе гэтая краіна зброю масавага зьнішчэньня. Злучаныя Штаты і Вялікая Брытанія настойваюць, што ААН трэба ясна заявіць аб выкарыстаньні сілы, калі Ірак парушыць свае цяперашнія абяцаньні.

Цяпер жа прэзыдэнт ЗША Буш зьвярнуўся да амэрыканскага Кангрэсу па дазвол скарыстаць сілу супраць Іраку ў выпадку неабходнасьці. Лідэры абедзювюх партыяў у Кангрэсе кажуць, што адпаведная рэзалюцыя, хутчэй за ўсё, будзе прынятая да 5 лістапада. Гэта прадэманструе сьвету, што Злучаныя Штаты разам са сваімі хаўрусьнікамі гатовыя дзейнічаць і без рэзалюцыі ААН. Вось што сказаў амэрыканскі прэзыдэнт рэпарцёрам у Белым Доме:

(Буш: ) “Ня мае быць ніякіх перамоваў зь Іракам. Ім няма пра што весьці перамовы. Менавіта яны казалі, што ня будуць мець зброю масавага зьнішчэньня. Перамовы скончаныя”.

Прадстаўнікі Іраку кажуць, што іхная краіна ня мае зброі масавага зьнішчэньня. Яны называюць абвінавачваньні з боку ЗША хлусьнёй і змовай супраць Іраку. Вось што заявіў у прамове да ААН міністар замежных справаў Іраку Наджы Сабры:

(Сабры: ) “Адміністрацыя ЗША хоча зьнішчыць Ірак, каб кантраляваць блізкаўсходнюю нафту, і, адпаведна, кантраляваць палітычныя рашэньні, а таксама нафтавую і эканамічную палітыку ўсяго сьвету”.

Прадстаўнікі ЗША назвалі прамову Сабры чарговай спробай падмануць сусьветную супольнасьць. Яны кажуць, што гісторыя адносінаў з Багдадам паказвае, што рэжыму Садама Хусэйна нельга давяраць. Паводле прэзыдэнта Буша, існуе рэальная небясьпека, што Ірак можа перадаць зброю масавага зьнішчэньня ў рукі міжнародных тэрарыстаў.

Ірак, у сваю чаргу, скардзіцца, што падчас папярэдніх місіяў ААН некаторыя інспэктары займаліся шпіянажам. Галоўны інспэктар ААН у справе ўзбраеньняў Ганс Блікс ужо заявіў на перамовах з ірацкімі прадстаўнікамі, што ён выдаліць любога інспэктара, які будзе засьпеты на шпіянажы. У той жа час Блікс падкрэсьліў, што ад Іраку патрабуецца поўнае супрацоўніцтва, якога ў мінулым не было.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG