Удзел у паседжаньні Аб'яднанай рады бралі лідэры прадпрымальнікаў Менску, Магілёву, Баранавіч, Жлобіна, Салігорску, Пінску, Наваполацку, іншых рэгіёнаў краіны. Прадстаўнік менскіх прадпрымальнікаў Анатоль Шумчанка зьвярнуўся да ўдзельнікаў зь ініцыятывай:
(Шумчанка: ) "Я прапаную прыняць на сёньняшнім сходзе Аб'яднанай рады прадпрымальнікаў рашэньне пра пачатак страйку з 1 кастрычніка з нявыплатай падаткаў. Да гэтага нас вымушаюць вынікі перамоваў з урадам. "Круглы стол" засьведчыў, што з намі прыйшлі весьці перамовы ня віцэ-прэм'еры і міністры, а "клеркі", якія ня маюць ніякіх паўнамоцтваў. Перамоўны працэс зайшоў у тупік. Вынік: гара нарадзіла мыш. Мы далей ня можам адступаць ад сваіх патрабаванняў".
Гэтая ініцыятыва была аднагалосна ўхваленая прадпрымальніцкімі лідэрамі. У прыватнасьці, вось што заявіў на паседжаньні лідэр наваполацкіх прадпрымальнікаў Валеры Шаўчэнка:
(Шаўчэнка: ) "Давайце мы зробім заяву пра пачатак страйку з 1 кастрычніка. Таму што сацыяльнае пытаньне не вырашаецца, пытаньне касавых апаратаў не вырашаецца. Даручэньне Кабякова – гэта касмэтычная рэч, якая ня вырашыць нашых праблемаў. Няма ў нас такіх рынкаў, якія нельга разагнаць. Іх усё роўна разгоняць".
Паводле Валерыя Шумчанкі, страйк з 1 кастрычніка падтрымаюць ня толькі ў Наваполацку, але й у іншых гарадох Віцебшчыны.
Пра неабходнасьць страйку заявіў на паседжаньні Аб'яднанай рады і лідэр пінскіх прадпрымальнікаў Сяргей Касьцюковіч:
(Касцюковіч: ) "Усе тры пінскія рынкі падтрымаюць акцыю пратэсту. Але рэч ня толькі ў касавых апаратах і сацыяльным страхаваньні. Усе нашыя беды ад двух дэкрэтаў прэзыдэнта – дванаццатага і васемнаццатага. Нам трэба працягваць акцыю пратэсту да выхаду дэкрэту прэзыдэнта, які прыпыніць дзеяньне двух дэкрэтаў".
Паводле сёньняшняга рашэньня Аб'яднанай рады, прадпрымальнікі зьбіраюцца дамагацца ад уладаў выкананьня эканамічных патрабаваньняў.