Напярэдадні ў Нью-Ёрку дзейны старшыня АБСЭ, кіраўнік партугальскае дыпляматыі Антоніў Мартыньш да Круш размаўляў зь беларускім калегам наконт сьнежаньскай канфэрэнцыі ўсіх міністраў замежных справаў краін АБСЭ у Партугаліі, на якую меркавалася вынесьці беларускае пытаньне. Пасьля гэтага беларускі бок пагадзіўся пачаць кансультацыі ў Вене. Намесьнік міністра замежных справаў Аляксандар Міхневіч паведаміў, што гэта будуць двухбаковыя сустрэчы экспэртаў – мажліва, з удзелам генэральнага сакратара АБСЭ. Калі ж пачнуцца гэтыя кансультацыі? Вось як адказаў мне на гэтае пытаньне спадар Міхневіч:
(Міхневіч: ) “Як толькі складзецца ўзаемная мажлівасьць для такіх сустрэчаў, будуць падрыхтаваныя адпаведныя экспэрты – яны пачнуцца неадкладна”.
Аляксандар Міхневіч паведаміў, што кансультацыі ў Вене пройдуць на ўзроўні пастаянных прадстаўніцтваў Беларусі й Партугаліі ў АБСЭ, і дадаў, што беларускі бок будзе імкнуцца правесьці гэтыя кансультацыі ды скарэктаваць пазыцыі ўжо да 20 кастрычніка. Калі трэба будзе больш высокая прадстаўніцтва, дык гэта будзе забясьпечана – прынамсі, зь беларускага боку, запэўніў спадар Міхневіч.
(Міхневіч: ) “Што да будучых перамоваў у Вене – я хацеў бы вярнуцца крыху да гісторыі. Мы ўжо тройчы афіцыйна зьвярталіся да АБСЭ з прапановамі пачаць такія перамовы, і ня толькі наконт мандату КНГ АБСЭ, а ў цэлым наконт іншых формаў прысутнасьці ў Беларусі. На жаль, ніякага адказу – ані пазытыўнага, ані нэгатыўнага – абгрунтаванага мы не атрымоўвалі. Гэта нібы камень, які кінулі ў ваду ды які нікуды не прыплыў”.
Аляксандар Міхневіч адмовіўся пракамэнтаваць апошнюю дэклярацыю Эўрапейскага Зьвязу пра стасункі Беларусі з АБСЭ ў зьвязку з вымушаным ад'ездам супрацоўніцы КНГ АБСЭ Мэгін Фіцджэральд. Але спадар Міхневіч заявіў на прэсавай канфэрэнцыі, што прэтэнзіі Эўразьвязу да Беларусі наконт рэфэрэндуму 1996 году й леташніх прэзыдэнцкіх выбараў "канулі ў Лету".
Калі я папрасіў яго яшчэ раз паўтарыць сёньняшнюю заяву пра тое, што ў Эўропе вынікі беларускіх выбараў ужо нікім ня ставяцца пад сумнеў, намесьнік міністра Аляксандар Міхневіч заявіў:
(Міхневіч: ) “І на ўзроўні афіцыйных заяваў, і на ўзроўні, скажам, асабістых зносінаў ніхто ня ставіць пад сумнеў легітымнасьць прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў у Рэспубліцы Беларусь. І вы ведаеце апошнія заявы назіральнікаў, што й там пазыцыя, скіраваная на ізаляцыю Беларусі ад Эўрапейскага Зьвязу, прынятая памылкова”.
Аднак спадар Міхневіч заявіў, што з 1997 году й дагэтуль Эўрапейская камісія замарозіла пагадненьне пра гандаль зь Беларусьсю, таму "дэ-юрэ сёньня рэжыму гандлю паміж нашымі краінамі не існуе", а ёсьць "праўны вакуум". Аляксандар Міхневіч прызнаў і "палітычныя абмежаваньні, накладзеныя Эўразьвязам у аднабаковым парадку".