Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЫЙШАЎ НА ВОЛЮ ЎДЗЕЛЬНІК ГАРАДЗЕНСКАГА “ЛАНЦУГА НЕАБЫЯКАВЫХ ЛЮДЗЕЙ”


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Арыштам Зьмітра Іваноўскага пакаралі за ўдзел у “Ланцугу неабыякавых людзей”. Ён стаяў з партрэтам Зьмітра Завадзкага на вуліцы Савецкай, за гэта яго затрымала міліцыя. Пасьля галадоўкі адчувае сябе Іваноўскі нармальна.

(Іваноўскі: ) “Пасьля гэтай адседкі, 10 сутак, я адчуваю сябе вельмі добра. Энэргіі хапае. Стан здароўя, я лічу, нармальны. Хаця я яшчэ ня ведаю — 10 сутак не прымаць ежу, і пакуль што я яшчэ ня еў, таму ня ведаю, як далей там будзе”.

Аднак іншым Зьміцер Іваноўскі ня раіць галадаць за кратамі. Міліцыянты, якія ахоўваюць арыштаваных, абыякавыя да галадоўшчыка. Ніхто не пацікавіцца — як сябе адчуваеш, ці ня выклікаць доктара? Адно, што не выводзяць з камэры на працу.

(Іваноўскі: ) “Тыя супрацоўнікі, якія мусяць назіраць за арыштаванымі, практычна не зьвярталі ўвагу на тое — галадаеш ці не галадаеш. Яны ведаюць, што за 10 дзён чалавек не памрэ, а калі зь ім што здарыцца, дык гэта будзе пазьней, дома. І яны за гэта не адказваюць”.

Зьміцер гаворыць, што яму цяжэй было без цыгарэт, чымсьці бязь ежы, паколькі ён разам з пачаткам галадоўкі кінуў паліць. І вельмі прыгнятаюць самі ўмовы вязьніцы.

(Іваноўскі: ) “Ізалятар — ён застаўся ізалятарам. Ён ізаляваны яшчэ са сталінскага часу. Засталіся структура і сыстэма ціску на людзей — я лічу, яны пры Сталіне яшчэ былі створаныя, пры тых турмах і гулагах”.

Зьміцер распавёў, што людзей трымаюць у нялюдзкіх умовах. Камэры перапоўненыя ўдвая. Ложкаў няма, коўдраў таксама. Памыцца немагчыма. І за побыт за кратамі трэба потым яшчэ заплаціць па 1 тысячы 100 рублёў за суткі. Па словах Іваноўскага, тыя, хто адбывае пакараньне пры спэцкамэндатуры, за нейкія парушэньні часам трапляюць у гэткія невыносныя ўмовы на цэлы месяц.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG