Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПОВІЛАС МАЛАКАЎСКАС: “УСХОПЧЫК МАЕ НЕПАСРЭДНАЕ ДАЧЫНЕНЬНЕ ДА ЗАБОЙСТВАЎ”


Ганна Соўсь, Менск

У часе прэсавай канфэрэнцыі Аляксандар Лукашэнка вельмі высока ацаніў прафэсійныя й маральныя якасьці намесьніка міністра абароны Беларусі Ўладзімера Ўсхопчыка. Гэты генэрал кіраваў Віленскім гарнізонам у студзені 1991 году ў часе вядомых падзеяў, калі ля тэлецэнтру загінулі людзі. І цяпер генэральная пракуратура Літвы дамагаецца ад беларускага боку выдачы Ўладзімера Ўсхопчыка. Гаворыць намесьнік міністра аховы краю Літвы Повілас Малакаўскас:

(Малакаўскас: ) “Я адзін з тых людзей, якія бачылі гэтую кроў на руках у тыя дні. І думаю, што ня толькі як прадстаўнік міністэрства, але я маю й маральнае права сказаць, што адбываліся дрэнныя рэчы, і генэрал Усхопчык удзельнічаў у гэтым. Пакуль гэты генэрал будзе на сваёй пасадзе, будзе складана зарганізаваць супрацоўніцтва паміж нашымі ўстановамі. Ён мае непасрэднае дачыненьне да тых падзеяў, калі забівалі людзей. Канечне, гэта справа Беларусі, але і нашая справа — вырашаць, як і з кім супрацоўнічаць”.

Аляксандар Лукашэнка заявіў таксама, што літоўскі бок летась напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў знарок наладзіў на мяжы зь Беларусьсю вайсковыя манэўры краінаў NATO і Балтыі. Аднак намесьнік міністра аховы краю Літвы Повілас Малакаўскас зазначыў, што ўсе манэўры, якія ладзяцца на тэрыторыі Літвы, плянуюцца загадзя:

(Малакаўскас: ) “Плянуюцца задоўга, не за дзень-два, а за год ці некалькі гадоў. Пра ўсе вучэньні мы паведамляем усім нашым партнэрам, суседзям. І ня толькі паведамляем, але й запрашаем узяць удзел у якасьці назіральнікаў. У часе вучэньняў адпрацоўваюцца міратворчыя апэрацыі. Мы бралі ўдзел у гэтых манэўрах, і ў будучым будзем іх ладзіць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG