Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КІЕВЕ ЎПЭЎНЕНЫЯ, ШТО ЛУКАШЭНКА НЕШТА ПЕРАБЛЫТАЎ У СПРАВЕ ПАДПІСАНЬНЯ ПАГАДАНЕНЬНЯ ПРА ЎКРАІНСКІЯ ДАЎГІ БЕЛАРУСІ


Юры Сьвірко, Менск

На прэсавай канфэрэнцыі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ён зь Леанідам Кучмам і ўрады Беларусі ды Ўкраіны адносна ратыфікацыі дамовы пра дзяржаўную мяжу паміж дзьвюма краінамі падпісалі шэраг пагадненьняў, прынятых у пакеце.

Паводле Лукашэнкі, Украіна ня хоча выконваць дамоўленасьці, і найперш што да ўрэгуляваньня даўгавых забавязаньняў. Аляксандар Лукашэнка дадаў, што Беларусь такія стасункі ўрэгулявала з усімі дзяржавамі — акрамя Ўкраіны.

(Лукашэнка: ) “Кроме Украины — она не хочет, подписав соглашение, признав долг, его выполнять”.

Камэнтуючы гэтую Лукашэнкаву заяву, афіцыйны Кіеў зазначае, што ўкраінскі бок яшчэ нічога, акрамя дамовы пра мяжу, не падпісваў. Было толькі вуснае распараджэньне двух прэзыдэнтаў урадам разьвязаць праблему даўгоў да 15 чэрвеня. Напярэдадні гэтай даты прэм’ер-міністры Беларусі й Украіны сустрэліся ў Гомелі, але нічога падпісаць не змаглі. Таму пра згаданы Лукашэнкам пакет пагадненьняў у Кіеве нічога ня ведаюць, і ягоных абвінавачаньняў не прымаюць. Вось што сказаў прэсавы сакратар украінскага МЗС Сяргей Барадзянкоў:

(Барадзенкоў: ) “Лукашэнка ўсіх абвінавачвае, ну дык што? Лукашэнка ўсіх абвінавачвае — вы ж ведаеце!”

Спадара Барадзянкова падтрымаў прэсавы сакратар прэм’ер-міністра Ўкраіны Сяргей Нагаранскі.

(Нагаранскі: ) “Мы езьдзілі ў Гомель і тады прымалі рашэньне — амаль прынялі рашэньне, што празь дзень-два-тры падпішам пагадненьне наконт мінулых даўгоў яшчэ савецкіх часоў. Але пакуль нічога не прасоўваецца з такой хуткасьцю, як мы разьлічвалі”.

Спадар Нагаранскі думае, што Аляксандар Лукашэнка проста забыўся пра тое, што яму расказаў пасьля гомельскіх перамоваў ягоны ж прэм’ер Генадзь Навіцкі.

(Нагаранскі: ) “Ён вярнуўся ў Беларусь — я памятаю, што ён дакладваў прэзыдэнту Лукашэнку наконт перамоваў — і ваш прэзыдэнт сказаў тое, што кажуць і нашы прэзыдэнт і прэм’ер: трэба вырашаць гэтае пытаньне, зыходзячы з нацыянальных інтарэсаў”.

Сяргей Нагаранскі, прэсавы сакратар украінскага прэм’ера Анатоля Кінаха, паведаміў таксама, што найбліжэйшым часам сустрэчы кіраўнікоў урадаў Украіны й Беларусі не плянуецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG