Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АПУБЛІКАВАНАЯ СПРАВАЗДАЧА БЭРЭНДТА


Валер Каліноўскі, Менск

У справаздачы, якую падрыхтаваў Вольфганг Бэрэндт ад імя дэлегацыі ПАРЭ, што наведвала Менск у чэрвені, адзначаецца, што нягледзячы на нязначны прагрэс, Беларусь па-ранейшаму не адпавядае стандартам Рады Эўропы. Гэта выклікана непразрыстасьцю выбарчага працэсу, далейшым парушэньнем правоў чалавека, адсутнасьцю незалежнай юрыдычнай сыстэмы, самакіраваньня і рэальных паўнамоцтваў парлямэнту.

Спадар Бэрэндт нагадвае пра адсутнасьць прагрэсу і ў расьсьледаваньні справаў зьніклых палітыкаў, уціск незалежнай прэсы, асуджэньне навукоўца Ю.Бандажэўскага, журналістаў “Пагоні” і “Рабочага”, выцісканьне зь Беларусі місіі АБСЭ. Да станоўчых падзеяў аднесеныя вызваленьне з турмы Андрэя Клімава і правядзеньне ў Нацыянальным сходзе слуханьняў наконт праблемы адмены сьмяротнага пакараньня.

Спадар Бэрэндт не рэкамэндуе цяпер разглядаць пытаньне пра сяброўства Беларусі ў Радзе Эўропы. Нягледзячы на гэта, ён не выключае, што Бюро ПАРЭ магло б у пэрспэктыве разгледзець пытаньне аб магчымасьці аднаўленьня статусу адмыслова запрошанага ў асамблеі для парлямэнту Беларусі — у залежнасьці ад будучага разьвіцьця сытуацыі з пашырэньнем паўнамоцтваў Нацыянальнага сходу і дэмакратычнага разьвіцьця ў краіне.

Лідэр БНФ Вінцук Вячорка, які ад імя беларускай апазыцыі будзе выступаць на слуханьнях па Беларусі ў ПАРЭ, тлумачыць гэткую дваістую пазыцыю вынікам уплыву пэўных палітычных групаў і краінаў у Радзе Эўропы, якія б хацелі зьмякчэньня стаўленьня да беларускага рэжыму.

(Вячорка: ) “У справаздачы карціна даволі вычарпальная. Але што мяне ўстрывожыла — зрушваюцца акцэнты. Так, напрыклад, на першы плян выстаўляецца праблема выкананьня сьмяротнай кары. У краіне, дзе людзі проста так могуць зьнікаць, найперш трэба, відаць, вырашаць гэтую праблему — празрыстасьці ўлады, празрыстасьці ўсёй праваахоўчай і судовай сыстэмы. Рэформа стаўленьня да сьмяротнага пакараньня павінная быць часткай гэтай радыкальнай зьмены”.

Неаб’ектыўным лічыць Вінцук Вячорка лічыць цьверджаньне пра нейкія зьмены настрояў у нацыянальным сходзе. Гатовы ён паспрачацца і зь цьверджаньнямі спадара Бэрэндта пра памылковасьць рашэньня апазыцыйных партыяў байкатаваць выбары ў палату прадстаўнікоў ды пра нізкі аўтарытэт палітычных партыяў у беларускім грамадзтве:

(Вячорка: ) “Па-першае, заўсёды ў мяне ёсьць пытаньні да аб’ектыўнасьці сацыялягічных дасьледаваньняў ва ўмовах дыктатуры альбо аўтарытарнага рэжыму. Па-другое, палітычныя партыі праяўляюць сябе ў нармальнай парлямэнтарнай сытуацыі, якой у Беларусі няма”.

Тым ня менш, у цэлым В.Вячорка ацэньвае пазыцыю Вольфганга Бэрэндта і ягоных калег як “маральную і абгрунтаваную”. Ён зьбіраецца ў цэлым падрымаць праект рэзалюцыі ў яе канстатацыйнай частцы, а з пэўнымі палажэньнямі гатовы і паспрачацца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG