Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УДЗЕЛЬНІКІ ПІКЕТУ ДА ГАДАВІНЫ ЗЬНІКНЕНЬНЯ ГАНЧАРА І КРАСОЎСКАГА АТРЫМАЛІ ПАПЯРЭДЖАНЬНІ


Любоў Лунёва, Менск

Судзьдзя Ігар Жданок вынес папярэджаньні Міхалу Тарасюку, Зьмітру Філіповічу і Георгію Саломеніку. Яны абвінавачваліся ў правядзеньні несанкцыянаванага пікету.

Нагадаем, 16 верасьня, за дзьве гадзіны да пачатку акцыі “Ланцуг неабыякавых людзей”, Міхал, Зьміцер і Георгі сталі насупраць будынка адміністрацыі Лукашэнкі. Яны трымалі ўлёткі з партрэтамі Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Літаральна цягам некалькіх хвілінаў іх затрымалі й адвезьлі ў пастарунак міліцыі. Там склалі пратакол і адпусьцілі.

Пікетоўцы лічаць, што міліцыянтам далі такі загад, каб не прыцягваць увагу грамадзкасьці да пытаньня зьніклых у Беларусі. Гаворыць Міхал Тарасюк:

(Тарасюк: ) “Нас не аштрафавалі, ня кінулі на суткі. Справа ў тым, што ў Беларусі ня ўсе людзі ведаюць і разумеюць, што тут адбываецца насамрэч. Трэба неяк удзельнічаць у жыцьці краіны. Мэтай нашага пікету было адзначыць гэтую сумную дату, дзень выкраданьня Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага і прыцягнуць увагу грамадзкасьці да таго, што ў краіне зьніклі людзі, якія былі апанентамі гэтага рэжыму”.

Зьміцер Філіповіч лічыць свой прысуд незаконным.

(Філіповіч: ) “Я чакаў іншага прысуду. Але за пікеты ці дэманстрацыі суд ня мае права даваць людзям нейкую меру пакараньня. Гэта супярэчыць нашай канстытуцыі. Кожны грамадзянін мае права выказваць сваю думку празь пікеты, сходы альбо дэманстрацыі!”.

Георгі Саломенік дадаў:

(Саломенік: ) “Нягледзячы на мяккі судовы прысуд, я выходзіў і буду выходзіць на пікеты і дэманстрацыі. У нашай краіне інакш паказаць нешта людзям немагчыма. Я разумею, што потым прысуд будзе больш жорсткі, але мяне гэта моцна не палохае”.

Калі цягам году гэтыя прадпрымальнікі зноў трапяць у міліцэйскі пастарунак, іх чакае альбо вялізны штраф, альбо ад 10 да 15 сутак арышту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG