Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЛУЦКІ БРОВАР МОЖА ЗБАНКРУТАВАЦЬ, КАЛІ ЛУКАШЭНКА НЕ ДАЗВОЛІЦЬ ЯМУ АКЦЫЯНАВАЦЦА З “ОЧАКОВО”


Ігар Карней, Менск

Слуцкі бровар ужо некалькі месяцаў без дырэктара. Знайшоўшы інвэстараў, але ня здолеўшы прабіць бюракратычную сьцяну, мінулы кіраўнік пакінуў прадпрыемства. Таму ў часе тэлемосту зь Менскам ад імя супрацоўнікаў заводу слова ўзяла загадчыца плянавага аддзелу Людміла Задзера, якая адначасна ачольвае назіральную раду ў справе акцыянаваньня з маскоўскім “Очаково”.

Сэнс калектыўнага звароту зводзіўся да таго, што завод мае цікавыя прапановы ад маскоўскага камбінату “Очаково”, але іхнае магчымае супрацоўніцтва напаткаў такі ж лёс, як і менскую “Крыніцу” зь пецярбурскай “Балтикой”.

(Задзера: ) “Фактычна ўсё ў гэтым пытаньні вырашае прэзыдэнт (ён, зрэшты, гэтак мне ў часе эфіру і адказаў). Таму, пэўна, усё там і стапарыцца. Актыўнасьці і дагэтуль было нямала. Вось і зараз Дамашкевіч пойдзе ў Міністэрства эканомікі, па-новаму ўсё будзе ўзгадняць зь Мінфінам. Потым яны будуць выходзіць на прэзыдэнта. Пэўна, і раней на яго выходзілі, хіба можа толькі дакумэнты траплялі да нейкіх дарадцаў. Хоць, мяркую, пра ўсё Лукашэнка ведаў, бо ў нас уся піваварная галіна ў надзвычай цяжкім стане”.

Спадарыня Задзера амаль штодня тэлефануе патэнцыйным маскоўскім інвэстарам і занепакоеная, што там вельмі напужаныя неакрэсьленымі пэрспэктывамі. Ранейшыя пляны ачакаўцаў укласьці сродкі таксама ў берасьцейскі і віцебскі бровары пакуль сьціпла спыніліся на адным Слуцку. Але кідаць 30 мільёнаў даляраў “на вецер” таксама не сьпяшаюцца.

Сёньня з раніцы ў офісе “Очаково” ў дастаткова катэгарычнай форме адказалі, што, маўляў, няхай беларускія ўлады самі выходзяць са сваімі прапановамі, бо чаго канкрэтна хоча беларускі бок, марудзячы з тэрмінамі, у Маскве зразумець ня могуць. Зрэшты, адзін з супрацоўнікаў слуцкага бровару кажа, што кожны змарнаваны дзень набліжае слуцкі завод да непазьбежнай пагібелі, бо рэнтабэльнасьць вытворчасьці адмоўная.

(Супрацоўнік бровару: ) “Мы ў жахлівым стане, у нас куча пазыкаў. У 2000 годзе пад гарантыі ўраду атрымалі 600 тысяч даляраў валютнага крэдыту. Тады былі розьніцы ў курсах, у выніку чаго за два месяцы ўвесь папярэдні дзевяцімесячны прыбытак быў “зьедзены”. Грошы мы аддаць ня можам, тэрміны даўно прайшлі. Уся маёмасьць апісаная падатковымі органамі, нават ёсьць рашэньне суду пра канфіскацыю. Пакуль застаецца пратакол аб намерах з “Очаково”, ёсьць падпісаная ўсімі бакамі дамова, патрэбная толькі рэзалюцыя Лукашэнкі. І апошняй нашай надзеяй быў гэты тэлемост”.

Гісторыя беларускіх бровараў мае толькі адзін адносна пасьпяховы, але кароткатэрміновы прыклад супрацоўніцтва з замежнымі інвэстарамі. Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году лідзкі бровар здолеў прыцягнуць аўстрыйскіх інвэстараў, якія завезьлі новае абсталяваньне: нержавеючы півапровад, пастэрызатар, лінію для разьліву гэтак званага трохмесячнага піва і г.д. Але калі празь некаторы час эканамічны клімат рэзка зьмяніўся і ў беларусаў стала бракаваць сродкаў, аўстрыйцы вымушаныя былі спаганяць запазычанасьць бровара праз суд.

Што тычыцца шэрагу пазьнейшых няўдалых спробаў замежных кампаніяў замацавацца на піўным рынку Беларусі, то адмыслоўцы тлумачаць гэта толькі адным: улады ўпарта ня хочуць, каб прыватны капітал замацаваўся ў дзяржаўным сэктары.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG