Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША ПАЧЫНАЕЦЦА ПРЫЁМ ЗАЯВАЎ НА ЎДЗЕЛ У ЧАРГОВАЙ ЛЯТАРЭІ “ГРЫН-КАРТ”


Галіна Прыгара, Прага

Вельмі істотна, каб ліст удзельніка патрапіў на ўдзел у лятарэю менавіта ў гэты час. Лісты, якія прыйдуць раней альбо пазьней, ня будуць удзельнічаць нават у розыгрышы. Ліст зь Беларусі ў ЗША ідзе ад аднаго да трох тыдняў – з гэтых тэрмінаў трэба і сыходзіць, каб было і не запозна, і не зарана.

Нагадаем і асноўныя патрабаваньні да запаўненьня анкеты.

Адпраўляць на ўдзел у лятарэі Грын карт трэба толькі саму анкету ўдзельніка з фотаздымкамі і больш нічога.

Анкета запаўняецца згодна з вызначаным стандартам. У ёй мусіць быць дадзеная інфармацыя пра мужа, жонку і ўсіх дзяцей, малодшых за 21 год, якія не маюць уласных сем’яў. Падаецца інфармацыя ў наступным парадку:

Прозьвішча – імя, прозьвішча падкрэсьліць.

Дата нараджэньня, абавязкова у наступным парадку: дзень, месяц, год.

Месца нараджэньня – горад, вёска, раён, вобласьць, краіна.

Краіна народжаньня ўказваецца па сёньняшняй назьве – не СССР, а Рэспубліка Беларусь. Калі чалавек нарадзіўся ў адной краіне, а зараз жыве ў іншай, то далей у анкеце павінна быць узгаданая краіна пражываньня. Народжаны, напрыклад, у Расеі грамадзянін ці жыхар Беларусі ўдзельнічаць у лятарэі “Грын-карт” будзе як народжаны ў Расеі. Але краіна пражываньня мусіць быць узгаданая абавязкова, адразу пасьля інфармацыі пра ўдзельніка лятарэі

Такую ж інфармацыю, як пра асноўнага ўдзельніка лятарэі, трэба даць пра ўсіх членаў сваёй сям’і, пра дзяцей, калі яны нават не жывуць з бацькамі.

У гэтым годзе дапускаецца, што інфармацыя пра членаў сям’і можа быць дадзеная і на зваротным баку стандартнага аркушу паперы, калі не зьмяшчаецца на адну старонку. Але абавязкова дасылаць трэба толькі адзін аркуш паперы.

Да анкеты клейкаю празрыстаю стужкаю павінны быць прымацаваныя фотаздымкі ўсіх членаў сям’і ўдзельніка лятарэі, усіх дзяцей – сваіх, адаптаваных, пасынкаў і падчарыцаў – ва ўзросьце да 21 году, калі яны нават ужо і не жывуць з бацькамі. Памер і стандарт фотаздымкаў пашпартны. Галава мусіць займаць 50 адсоткаў плошчы здымка, чалавек мусіць глядзець проста ў аб’ектыў, не нахіляючы і не паварочваючы галаву. Усе фотаздымкі мусяць быць падпісаныя са зваротнага боку (прозьвішча, імя, месца і дата нараджэньня).

Пасьля ўсёй выкладзенай інфармацыі ў анкеце, побач з фотаздымкамі, удзельнік лятарэі павінен паставіць свой подпіс. Калі чалавек хоча расьпісацца па-ангельску, ён можа гэта зрабіць, але абавязкова павінен быць і подпіс на мове роднай краіны, пажадана такі, як у пашпарце. Подпіс у выглядзе ініцыялаў альбо друкаванымі літарамі не прымаецца.

Адпраўляць лісты на ўдзел у лятарэі “Грын-карт” трэба ў стандартным канвэрце памерамі ад 15 да 25 сантымэтраў даўжынёю і ад 9 да 11 сантымэтраў шырынёю. Адпраўляць трэба лісты на ўдзел у лятарэі звычайнаю альбо авіапоштаю. Ніякія адмысловая альбо экспрэс-перасылка лістоў на ўдзел у лятарэі не дапускаецца.

У правым ніжнім куце напішыце адрас Консульскага цэнтру, што будзе апрацоўваць лісты народжаных у краінах Эўрапейскай часткі былога Савецкага Саюзу. Адрас такі:

DV Program
Kentucky Concular Center
3003 Visa Crest,
Migrate, KY 41903-3000, USA

Яшчэ раз нагадаем: пачынаецца сёлета прыём заяваў на ўдзел у лятарэі “Грын-карт” 7 кастрычніка і скончыцца ў 12 гадзінаў дня 6 лістапада.

У сям’і, якая хацела б атрымаць права на сталае жыхарства у ЗША, анкету на ўдзел у лятарэі могуць адправіць і муж, і жонка. Гэта легальна падвойвае шанцы на выйгрыш. У выпадку выйгрышу ўсе члены сям’і, узгаданыя у анкеце, змогуць атрымаць амэрыканскую “Грын-карту”. Разам з бацькамі жыць у Амэрыку могуць паехаць і дзеці, якім на момант уезду ў краіну будзе больш чым 21 год, калі на момант запаўненьня анкеты ўдзельніка ім не было 21 году.

Лятарэя, што адбываецца сёлета, называецца DV–2004 – гэта значыць, што яе пераможцы змогуць уехаць на жыхарства ў ЗША ў 2004 фінансавым годзе – пачынаючы з 1 кастрычніка 2003 году і да 30 верасьня 2004 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG