Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЕЙНЫ СТАРШЫНЯ АБСЭ МЯРКУЕ, ШТО БЕЛАРУСКАЕ ПЫТАНЬНЕ МОЖА БЫЦЬ РАЗГЛЕДЖАНАЕ НА СЬНЕЖАНЬСКАЙ КАНФЭРЭНЦЫІ КІРАЎНІКОЎ МЗС УСІХ КРАІН АБСЭ


Юры Сьвірко, Менск

У Нью-Ёрку падчас сэсіі Генэральнае Асамблеі ААН міністар замежных справаў Беларусі Міхаіл Хвастоў сустрэўся з калегам з Партугаліі.

Партугальскі міністар Антоніў Мартыньш да Круш ёсьць дзейным старшынём Арганізацыі Бясьпекі й Супрацоўніцтва ў Эўропе. Як паведаміла беларускае МЗС, спадары Хвастоў і да Круш абмеркавалі пытаньні супрацоўніцтва паміж Беларусьсю й АБСЭ. Нічога больш беларускае МЗС не перадае, хаця гэта першая сустрэча міністра Хвастова зь дзейным старшынём АБСЭ ў часе трывалага канфлікту вакол групы гэтае арганізацыі ў Менску.

Адметна, што менавіта ў той час, як Міхаіл Хвастоў сустракаўся ў Нью-Ёрку зь дзейным старшынём АБСЭ, у Менску Аляксандар Лукашэнка на прэсавай канфэрэнцыі ў жывым эфіры заявіў, што "АБСЭ ня хоча садзіцца за стол перамоў і выпрацоўваць мандат і мэты групы АБСЭ ў Беларусі".

Насамрэч пытаньне мандату было галоўным на перамовах у Нью-Ёрку. Паводле неафіцыйных зьвестак з партугальскага дыпляматычнага ведамства, дзейны старшыня АБСЭ папярэдзіў спадара Хвастова, што беларускае пытаньне можа быць вынесенае на міністэрскую канфэрэнцыю АБСЭ, якая пройдзе прыканцы году ў Партугаліі й куды прыедуць усе міністры замежных справаў дзяржаў-удзельніц АБСЭ.

Фэрнанда Ліма, прэсавы сакратар партугальскага міністра, пра нью-ёрскую сустрэчу вельмі дыпляматычна сказаў наступнае:

(Ліма: ) "Асабліва партугальскі міністар размаўляў зь міністрам замежных справаў Беларусі наконт наступнай сустрэчы кіраўнікоў МЗС краінаў АБСЭ ў горадзе Порту ў сьнежні. Перамовы йшлі наконт гэтай сустрэчы, падрыхтоўкі да яе, гэта галоўнае пытаньне размовы паміж дзейным старшынём АБСЭ Антоніў Мартыньшам да Крушам і беларускім міністрам".

Прэсавы сакратар дзейнага старшыні АБСЭ адмовіўся камэнтаваць сьвежыя заявы Аляксандра Лукашэнкі пра нежаданьне АБСЭ йсьці на перамовы зь Беларусьсю. Нагадаю, спадар Лукашэнка заявіў падчас прэсавай канфэрэнцыі: "Ня хочуць – значыць, ня хочуць. Мы гатовыя сесьці і вызначыцца, чым будзе займацца гэтая група. Нам кажуць: мы будзем дапамагаць вам рэгуляваць заканадаўства. А я кажу: дзякуй, родныя, мы ўжо адрэгулявалі ўсё заканадаўства, мы будзем ісьці наперад", – заявіў спадар Лукашэнка й дадаў, што афіцыйны Менск не пазбаўляў акрэдытацыі супрацоўнікаў гэтай групы.

"У былога складу Кансультатыўна-назіральнай групы АБСЕ закончыліся паўнамоцтвы, у іх закончыўся тэрмін акрэдытацыі. Яны, натуральна, паехалі адсюль. Мы іх штучна акрэдытацыі не пазбаўлялі", – заявіў Аляксандар Лукашэнка й зноў паўтарыў, што папярэдні кіраўнік КНГ АБСЭ Ганс-Георг Вік "фактычна стварыў штаб па барацьбе з прэзыдэнтам Лукашэнкам", але ён, Лукашэнка, гэта вытрымаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG