Як гаворыцца ў заяве, беларуская юстыцыя доўга не цырымонілася: тое, што ў Нямеччыне можа ў некаторых выпадках прывесьці да вымовы з боку ведамства па справах прэсы, у Беларусі караецца двума гадамі пазбаўленьня волі. Рэдактар газэты “Рабочы” асуджаны на гэты тэрмін за тое, што ён нібыта абразіў беларускага лідэра. Пры гэтым дзяржаўнае абвінавачаньне ня хоча ўлічваць таго, што сама ж дзяржава зрабіла ўсё магчымае, каб публікацыя так і не трапіла да чытача.
Тым часам, – працягвае Вольфганг Бэрэндт, – не прайшло ўсяго і шэсьці тыдняў з таго часу, як Лукашэнка заявіў, што журналістам трэба даваць больш свабоды. Адначасна журналісты павінны рабіць сваю справу аб'ектыўна і адказна. Лукашэнка мае рацыю, і мы ловім яго на слове, –гаворыцца ў заяве. – Артыкулы 367, 368 і 369 Крымінальнага кодэксу Беларусі – зусім не для таго, каб існавала свабода прэсы.
Для таго ж, каб патрабаваць ад прэсы адказнасьці і аб'ектыўнасьці, парлямэнт павінен прыняць лібэральны закон аб СМІ ды надаць сілу кодэксу прэсы. Згодна з гэтымі дакумэнтамі можна рэгуляваць пэўныя дапушчальныя захады супраць журналістаў, калі іхная праца ня ёсьць адказнай. Турэмнае пакараньне супраць нялюбых рэжыму апазыцыйных журналістаў да падобных дапушчальных захадаў ніякага дачыненьня ня мае.
Беларускі парлямэнт, – гаворыцца ў заяве, – павінен распрацаваць новы закон аб друку, а таксама патрабаваць скасаваньня тых драконаўскіх артыкулаў, з дапамогай якіх журналістаў можна прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці.