(Шушкевіч: ) “Вы ведаеце, я б хацеў не гаварыць пра дэталі, а заўважыць наступнае: зноў, як заўсёды, вялікая блытаніна, вялікае калгасна-саўгаснае – на ўзроўні брыгады, на ўзровень калгасу не падымаецца – шоў, нейкія там “нечаканыя” пытаньні са Слуцку і адказы на іх па паперцы. Гэта ўсё піараўская акцыя пад Лукашэнку, але Лукашэнка прагаварыўся, як заўсёды – калі ён разыйшоўся, ён прагаварыўся.
Першае, я лічу, што ён абсалютна не разумее, што такое Эўразьвяз, і які другі шлях. Ён сказаў, што мы можам аб’яднацца паводле прынцыпу Эўразьвязу, але на падставе дзейнай дамовы. Па-першае, ніякая дамова ня дзейнічае, ёсьць падпісаная дамова, і гэтая падпісаная дамова абсалютна супярэчыць прынцыпам аб’яднаньня Эўразьвязу, і гэтая гаворка ўся пустая.
Я лічу, што ўпершыню адбылося прызнаньне Лукашэнкам таго, што ніякага таннага продажу Беларусі расейскага газу няма. Таму што за гэта Беларусь плаціць тым, што яна разьмясьціла дзьве канкрэтныя расейскія вайсковыя базы, Беларусь забясьпечвае супрацьпаветраную абарону Расеі, і Расея за гэта нічога ня плаціць. На гэта марнуюцца грошы беларускіх падаткасплатнікаў.
Ён пацьвердзіў яшчэ раз, што абсалютна не разумее, што такое рынак і што такое лібэралізацыя адносінаў, хоць якая-небудзь. Таму што ён сказаў: “Навошта Расея стварае альтэрнатыўную вытворчасьць?” Ну калі яна створыць, напрыклад, больш танную вытворчасьць, чаму яна павінна купляць нешта ў Беларусі. І многа такіх было супярэчнасьцяў.
Ну і найвялікшы, я лічу, цынізм, калі нейкія людзі абвяшчаюцца хворымі за тое, што яны вядуць гаворку. А што іх падслухоўваюць беларускія спэцслужбы – пра гэта ні слова. І зноў, як заўсёды, агульныя разважаньні аб тым, што п’янства – гэта зло, што шкада журналістаў, што яны вось мучаюцца... А тое, што журналісты павінны выслухоўваць непрафэсійныя пытаньні – людзі, якія прыехалі зь іншых гарадоў, яны ж не маглі задаць пытаньні, бо слухалі, што там адбывалася на іншых імпрэзах.
Я яшчэ на адну пазыцыю хачу зьвярнуць увагу: абсалютна хлусьлівае тлумачэньне адносінаў да місіі АБСЭ. Беларусь – сябар АБСЭ. І яна павінная падпарадкоўвацца захадам АБСЭ ў справе правоў чалавека, дэмакратыі, празрыстасьці, - і тут ён сьцьвярджае: не, няхай яны нам даложаць, што яны хочуць рабіць, а пасьля гэтага мы будзем абмяркоўваць, ці гэта нам падыходзіць, ці не. Фактычна ён прызнаў, што выжываецца місія АБСЭ зь Беларусі.
І ўжо зусім цынічна гучалі словы пра тое, што ў яго ёсьць нейкі беларускі гонар. Гэтага ніколі не было, зьнявага ў адносінах да Беларусі была зь яго боку, фактычна, заўсёды.
І самае апошняе: прэзыдэнцкі фонд. Міністар фінансаў Корбут гаворыць так: мною не кантралюецца, не падаецца ў бюджэт, ня веда, што ў гэтым фондзе. А Лукашэнка гаворыць, што ў гэтым фондзе нейкія мытныя зборы, якія раней кудысьці йшлі. Гэта таксама хлусьня. Ёсьць фонд, некантраляваны, які ўжываецца, фактычна, прыватным чынам прэзыдэнтам. Фактычна гэта было сёньня прызнанае. І я ўдзячны Жданку, таму што фактычна Лукашэнка сказаў, што ён будзе праводзіць рэфэрэндум у пытаньні працягу сваіх паўнамоцтваў”.