Міністар замежных справаў Іраку Наджы Сабры ўчора позна ўвечары перадаў ліст свайго ўраду генэральнаму сакратару ААН Кофі Анану. Вось што сказаў кіраўнік Арганізацыі аб’яднаных нацыяў:
(Анан: ) “Я пацьвярджаю вам, што я атрымаў ліст ад ірацкіх уладаў, у якім гаворыцца аб іхным рашэньні дазволіць вяртаньне інспэктараў для працягу працы без папярэдніх умоваў. Ірак таксама пагадзіўся пачаць неадкладныя дыскусіі аб канкрэтных умовах вяртаньня інспэктараў і аднаўленьня іхнае працы”.
Замежныя інспэктары не наведвалі Ірак з 1998 году. Швэдзкі дыплямат Ганс Блікс, які апошнія два з паловай гады ачольвае інспэкцыю ААН, заявіў на гэтыя выходныя нямецкай газэце “Frankfurter Allgemeine Zeitung”, што першая група інспэктараў гатовая прыбыць у Ірак праз два тыдні.
Як паведамляе наш карэспандэнт у ААН Робэрт Макмэан, рашэньне Іраку дапусьціць інспэктараў было ў значнай ступені выклікана ціскам з боку міжнароднай супольнасьці. Гэты ціск узмацніўся пасьля выступленьня ў ААН у мінулы чацьвер прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша, які заявіў, што Ірак адбудоўвае біялягічную, хімічную і ядзерную зброю. Гаворыць генэральны сакратар ААН Кофі Анан:
(Анан: ) “Я думаю, што прамова прэзыдэнта разварушыла міжнародную супольнасьць, і, як большасьць з вас чулі, амаль кожны выступоўца на Генэральнай Асамблеі заклікаў Ірак дапусьціць вяртаньне інспэктараў”.
Прадстаўнікі Іраку тлумачаць сваё рашэньне выключна парадамі з боку арабскіх ды іншых сяброўскіх краінаў. Вось што сказаў намесьнік прэм’ер-міністра Іраку Тарык Азыз:
(Азыз: ) “Гэта патрабаваньне, якое мы чулі ад нашых арабскіх братоў, сяброўскіх афіцыйных асобаў у краінах, якія выказаліся па гэтым пытаньні, а таксама ад краінаў руху недалучэньня ды іншых блёкаў сяброўскіх краінаў”.
Ірацкі віцэ-прэм’ер заявіў, што цяпер ЗША ня маюць ніякіх падставаў ужываць сілу супраць Іраку.
Аднак некаторыя заходнія экспэрты папярэджваюць, што Ірак можа ў апошні момант увесьці абмежаваньні на дзейнасьць інспэктараў, зрабіўшы іхную працу бессэнсоўнай. Уплывовы амэрыканскі штодзёньнік “The New York Times” у сёньняшнім нумары друкуе меркаваньне, што прапанова Іраку можа быць спробай пацягнуць час і раскалоць Раду Бясьпекі ААН.