Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЕЛЯЗЬНЁЎ НЯ СУПРАЦЬ ІНКАРПАРАЦЫІ БЕЛАРУСІ


Валер Каліноўскі, Менск

Генадзь Селязьнёў разьлічвае зрабіць 2003 год канчатковым годам стварэньня саюзнай дзяржавы, правесьці з гэтай нагоды рэфэрэндумы ў дзьвюх краінах, прыняць канстытуцыйны акт, правесьці наўпростыя выбары ў парлямэнцкі сход.

Пакуль жа да выкананьня гэтых маштабных праектаў далёка: як прызнаў сам спадар Селязьнёў, у саюзным будаўніцтве пануе застой, праца падрыхтоўчае групы ў справе выпрацоўкі канстытуцыйнага акту замарозілася, ніяк не ўдаецца заснаваць саюзную газэту і атрымаць дзьве гадзіны тэлеэфіру на расейскім і беларускім тэлебачаньні для прапаганды саюзных праграмаў. Селязьнёў нават прапанаваў сёньня скасаваць супольную групу па распрацоўцы канстытуцыйнага акту за бязьдзейнасьць.

Тым ня менш, цяперашняя крызысная сытуацыя ў расейска-беларускіх дачыненьнях, на думку Генадзя Селязьнёва, часовая, зь яе будзе “дастойнае выйсьце”. Сам ён выказаўся ў падтрымку апошняй ініцыятывы Пуціна пра стварэньне расейска-беларускай экспэртнай групы па выпрацоўцы прымальнага варыянту інтэграцыі, супраць чаго выказваўся А.Лукашэнка.

(Селязьнёў: ) “Названыя тры мадэлі, але як мы зразумелі, беларускі бок прыхільны менавіта да трэцяй мадэлі. Ад трэцяй мадэлі ў любым выпадку мы пяройдзем да другой. А далей жыцьцё пакажа, проста тут ня трэба гнаць коней”.

Другі варыянт інтэграцыі — паводле Эўразьвязу, трэці — захаваньне статус-кво, на чым настойвае А.Лукашэнка. Для Селязьнёва другі варыянт больш зразумелы, чым трэці. Але другі трэцяму кардынальна не супярэчыць — упэўнены Генадзь Селязьнёў. Не выключае сьпікер Дзярждумы і магчымасьці рэалізацыі ў пэрспэктыве першага варыянту інтэграцыі, агучанага У.Пуціным, — інкарпарацыі Беларусі ў склад Расеі шасьцю абласьцямі на падставе расейскай Канстытуцыі. Вось што Г.Селязьнёў адказаў на пытанне аб стаўленьні да гэтага варыянту:

(Селязьнёў: ) “А можа калі-небудзь і прыйдзем да яго, але на гэта павінная быць народная воля, прычым народная воля з боку Беларусі”.

Пакуль Генадзь Селязьнёў адказваў на гэтае пытаньне, сьпікер савету рэспублікі нацынальнага сходу Аляксандар Вайтовіч пасьмейваўся. Вось які, на ягоную думку, самы галоўны прынцып у беларуска-расейскай інтэграцыі, ад якога беларускі бок не адступіцца:

(Вайтовіч: ) “Будзем стаяць на тым, што мы будзем з Расеяй будаваць саюзную дзяржаву. А ўсё астатняе будзем вырашаць, як будзе неабходна, так каб гэта было мэтазгодна”.

Праўда, пазьней, пасьля паседжаньня савету парлямэнцкага сходу А.Вайтовіч прызнаў, што варыянт страты Беларусьсю міжнароднай правасуб’ектнасьці “немагчымы”.

Сёньня падтрымка беларускай незалежнасьці прыйшла зусім нечакана з украінскага боку, ад прадстаўніка левых сілаў у Вярхоўнай Радзе Сяргея Кіяшкі, які разам з Генадзем Селязьнёвым і Леанідам Козікам зьяўляецца сустаршынём Славянскага сабору.

(Кіяшка: ) “Калі мы гаворым пра саюз, то гэта саюз раўнапраўных дзяржаваў, а не ўваходжаньне нейкай рэспублікі, будзе гэта Беларусь ці то Ўкраіна, у склад Расейскай Фэдэрацыі на правах аўтаноміі ці паўаўтаноміі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG