Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ДЗЕНЬ ТРЭЦЯЕ ГАДАВІНЫ ЗЬНІКНЕНЬНЯ ГАНЧАРА Й КРАСОЎСКАГА Ў МЕНСКУ АДБЫЎСЯ ЛАНЦУГ НЕАБЫЯКАВЫХ ЛЮДЗЕЙ


Юры Сьвірко, Менск

Гэты чарговы "Ланцуг неабыякавых людзей" быў невыпадковым. Роўна тры гады таму ў Менску зьніклі Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі. Я зьвярнуўся перадусім да іхніх жонак, якія сёньня стаялі на плошчы, з гэткім пытаньнем: ці даюць штосьці гэтыя акцыі напаміну? Вось які адказ дала Зінаіда Ганчар:

(Ганчар: ) “Мне складана размаўляць на гэтую тэму. У любым выпадку я хачу падзякаваць тым людзям, якія арганізоўваюць гэтыя акцыі. А наколькі яны выніковыя – напэўна, мінакі зьвяртаюць увагу й прыгадваюць, што так, сапраўды, такія факты ёсьць, справы не раскрытыя, бо мы тут і нічога ня ведаем. Я думаю, што гэта спараджае ўсё большы недавер да ўладаў, і ня толькі датычна гэтых справаў, але й да ўсяго, што кажа й робіць Лукашэнка”.

А вось меркаваньне Ірыны Красоўскай.

(Красоўская: ) “Я лічу, што такія акцыі таксама маюць нейкі ўплыў на разьвіцьцё сытуацыі, таму што яны, вядома ж, з аднаго боку, прымушаюць улады нэрвавацца троху, а зь іншага – яны раз за разам паказваюць тым людзям, якія жывуць у Менску й праходзяць міма нас, што гэтая сытуацыя насамрэч існуе, што людзі зьніклі. І вось тры гады мы ходзім і стаім тут з партрэтамі дзеля таго, каб паказаць людзям, што сытуацыя на самой справе вельмі дрэнная”.

Побач са спадарыняй Красоўскай стаяла жонка Зьмітра Завадзкага, які зьнік пазьней. Сьвятлана Завадзкая падзяляе гэтую думку:

(Завадзкая: ) “Нават у тых машынах, якія праяжджаюць, усё адно нехта, калі бачыць партрэты, задумаецца над тым, што адбылося. Нехта, можа, і пацікавіцца, як гэта адбылося ды што гэта за людзі. Хто б як ні думаў, але калі мы тут стаім, значыць, мы чакаем нейкіх вынікаў ад гэтага, нейкіх дзеяньняў – і ўладаў, і партыяў, і людзей”.

Але спадарыню Завадзкую не падтрымлівае былы вязень Андрэй Клімаў, партрэт якога таксама нядаўна трымалі на падобных акцыях:

(Клімаў: ) “Гляджу я на аўтобусы й аўтамабілі, якія праяжджаюць міма, і думаю: якая ўсё ж такі сьцяна нас аддзяляе ад бальшыні насельніцтва гэтае краіны! Атрымліваецца – пакуль гора ня ўвойдзе ў кожную сям'ю, датуль пераменаў не адбудзецца. Але ж гэтыя людзі ды іхныя сем'і, блізкія пацярпелі менавіта за тое, каб гэтае гора не ўвайшло ў кожную сям'ю беларусаў. Вось гэта крыўдна і сумна”.

Жонкі зьніклых тры гады таму людзей упэўненыя, што сьледзтва ўвогуле спыненае. Зінаіда Ганчар сказала мне сёньня на пікеце:

(Ганчар: ) “Я ўсё ж у некаторых момантах хацела ім верыць – прынамсі, я ня думала, што ўсе сволачы. А цяпер я пераконваюся, што хлопцы служаць і служаць... Па-мойму, гэта нават недастойна мужчынаў”.

Меркаваньне спадарыні Ганчар падзяляе Ірына Красоўская:

(Красоўская: ) “Сьледзтва вядзецца фармальна, таму што за тры гады яны маглі праз гэтыя рапарты па 10 разоў дапытаць усіх тых фігурантаў, якія ў гэтай справе. І тое, што за тры гады нічога фактычна ня зроблена, гэта якраз гаворыць пра выніковасьць гэтае справы. Яны казаць могуць усё што хочуць, але мы мусім глядзець на вынікі. Паколькі выніку няма, дык я не лічу, што гэта эфэктэўнае сьледзтва”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG