Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЭВІД НЬЮТАН НЕ ВЫКЛЮЧАЕ, ШТО ЗША САМАСТОЙНА ЎЖЫВУЦЬ СІЛУ СУПРАЦЬ ІРАКУ


Ул. інф.

Зараз Дэвід Ньютан кіруе ірацкай службай Радыё Свабода – Свабодная Эўропа.

Вось як спадар Ньютан ацэньвае выступ прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша на Генэральнай Асамблеі ААН 12 верасьня:

(Ньютан: ) “Калі мы паглядзім на прамову прэзыдэнта, дык убачым, што ён ня толькі патрабуе вяртаньня інспэктараў. Ён сказаў, што ўсе іншыя рэзалюцыі ААН мусяць быць цалкам выкананыя – улучна зь вяртаньнем кувэйцкіх вязьняў, уласнасьці Кувэйту, і што трэба скончыць з парушэньнямі санкцыяў супраць Іраку кантрабандным шляхам. Так што гэта вельмі жорсткае патрабаваньне да іракцаў”.

На пытаньне, ці можна чакаць ваеннай акцыі ЗША супраць Іраку ў выпадку, калі Рада Бясьпекі ААН адмовіцца прыняць рэзалюцыю, якая б дазволіла ўжыць сілу, Дэвід Ньютан адказаў:

(Ньютан: ) “Усім цалкам зразумела, я думаю, што калі ЗША ня зможа заручыцца такой рэзалюцыяй, ёсьць варыянт, калі яны будуць дзейнічаць самастойна і ва ўжываньні сілы”.

Ці дастакова будзе патрабаваньняў Буша, каб прымусіць Садама Гусэйна выканаць усе свае забавязаньні ў справе спыненьня агню ў Пэрсідзкай затоцы ды іншыя рэзалюцыі ААН? У адказ на гэтае пытаньне былы пасол ЗША ў Іраку Дэвід Ньютан, у прыватнасьці, сказаў:

(Ньютан: ) “Гэта канец гульні. Брытанскі міністар замежных справаў Джэк Стро сказаў, што павінна быць рэзалюцыя зь вельмі жорсткім абмежаваньнем у часе для яе выкананьня. Калі Ірак ня згодзіцца прыняць інспэктараў, тады, выглядае, рэжым мусіць сыйсьці.

Палітыка ЗША ў тым, што рэжым павінен сыйсьці ў кожным выпадку. Натуральна, дылема для іракцаў ў тым, што калі яны адчуваюць, што ЗША ў любым выпадку – з дапамогай ААН, ці безь яе – зьбіраюццца атакаваць, дык чаму Ірак мусіў бы загадзя раззбройвацца і адмаўляцца ад сваёй зброі масавага зьнішчэньня?”

Злучаныя Штаты спасылаюцца на артыкул 7-ы Хартыі ААН, які дае права ўжываць сілу ў выпадку агрэсіі ці пагрозы міру. Аднак многія арабскія краіны абвінавачваюць ЗША ў падвойных стандартах. Яны нагадваюць, што Ізраіль дзесяцігодзьдзямі не выконваў падобныя рэзалюцыі ААН. Аднак, варта зазначыць, што ў арабскім сьвеце ўжо няма таго адзінства ў адносінах Іраку, якое назіралася яшчэ нядаўна. Некаторыя краіны Блізкага Ўсходу – напрыклад, Савудаўская Аравія – ужо далі зразумець, што яны могуць падтрымаць ваенныя дзеяньні ў выпадку, калі Рада Бясьпекі ААН прыме адпаведную рэзалюцыю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG